Справу Віктара Бабарыкі будзе разглядаць Вярхоўны суд



Крымінальную справу Віктара Бабарыкі разгледзіць Вярхоўны суд, што пазбаўляе магчымасці абскардзіць прысуд, заявіў адвакат экс-банкіра і былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Дзмітрый Лаеўскі.

„Калі справу ў першай інстанцыі разглядае Вярхоўны суд, то над ім няма апеляцыйнай інстанцыі. Значыць, і права на апеляцыйнае абскарджанне ў абвінавачанага ў такім выпадку няма. Таму мы, абаронцы, прасілі Вярхоўны суд вызначыць для разгляду справы ў дачыненні да Віктара Бабарыкі ніжэйшы суд — каб забяспечыць магчымасць апеляцыі, гэта значыць умову справядлівага судовага разбору. Увечары 28.01.2021 нас афіцыйна праінфармавалі, што Вярхоўны суд будзе разглядаць справу сам”, — паведаміў Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, канстатаваў ён, „у праве на апеляцыйнае абскарджанне прысуду Віктару Бабарыку адмоўлена”.

„Права на апеляцыйнае абскарджанне прысуду — гэта тое, без чаго немагчымы справядлівы суд”, — падкрэсліў адвакат.

Раней у інтэрв’ю БелаПАН Лаеўскі нагадаў, што права абвінавачанага абскардзіць прысуд прадугледжанае артыкулам 43 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. „Гэтае права — адна з базавых гарантый справядлівага судовага разбору, устаноўленая Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (пункт 5 артыкула 14). Рэспубліка Беларусь з’яўляецца дзяржавай — удзельнікам пакта і абавязаная добрасумленна выконваць гэты міжнародны дагавор”, — падкрэсліў Лаеўскі.

Паводле яго слоў, выкананне гэтага стандарту справядлівага суда магчымае, толькі калі справа Бабарыкі будзе слухацца па першай інстанцыі ў адным з ніжэйшых судоў, што дазволіць у выпадку нязгоды з прысудам абскардзіць яго ў апеляцыйным парадку.

Лаеўскі адзначыў, што Бабарыка адчувае сябе нармальна і „настроены змагацца, таму што абвінавачанне незаконнае і неабгрунтаванае”.

12 траўня 2020 года Бабарыка выйшаў са складу праўлення „Белгазпрамбанка” і звольніўся з пасады старшыні праўлення паводле ўласнага жадання. У той жа дзень ён паведаміў пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах і затым паставіў рэкорд па колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх кампаній у Беларусі. Паводле звестак яго штаба, было сабрана больш за 430 тыс. подпісаў выбаршчыкаў, пададзена ў Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў — 365 тыс.

Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Яго затрымалі паводле абвінавачання ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі ён кіраваў „Белгазпрамбанкам”. Бабарыку былі выстаўленыя абвінавачанні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК, па фактах атрымання хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі („адмывання”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры.

Намеснікам старшыні праўлення банка Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралёту выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 430 КК, заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку — на падставе ч. 2 арт. 431 КК (даванне хабару ў буйным памеры).

18 студзеня прэс-служба Камітэта дзяржбяспекі паведаміла, што крымінальная справа перададзеная ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд. Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных пакінутая ранейшай: сем чалавек, уключаючы Бабарыку, знаходзяцца пад вартай, адзін — пад хатнім арыштам.

Віктар Бабарыка не згодны з абвінавачаннем, абаронцы настойваюць на яго невінаватасці.

„Міжнародная амністыя” і беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Бабарыку палітзняволеным.

belapan.by