„Справядлівы свет” працягвае удзел у выбарах



Апазіцыянеры з партыі левых „Справядлівы свет” працягваюць удзел у выбарах, нягледзячы на тое, што не пераадолелі этап збору подпісаў.

Кіраўнік Гомельскай абласной структуры партыі „Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка распавядае пра магчымы фармат далейшага ўдзелу:

– Байкот увогуле па заканадаўству забаронены – байкот выбарчых кампаній. Але мы і не прыхільнікі байкоту ў прынцыпе, мы будзем удзельнічаць і далей у выбарчай кампаніі. Цяпер ідзе фармаванне ўчастковых выбарчых камісій, ад Гомельскай вобласці мы падалі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі 91 свайго прадстаўніка. Наступны этап – гэта будзе падрыхтоўка назірання за выбарчым працэсам у далейшым.

У выбарчым штабе прэтэндэнта ад партыі левых „Справядлівы свет” Сяргея Калякіна паведамляюць пра 64 тысячы подпісаў, якія ўдалося сабраць на пікетах па ўсёй краіне.

У Гомельскай вобласці партыйцы здолелі заручыцца подпісамі 12 з паловай тысячаў грамадзянаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель