18 з’езд Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” (абноўлена)



Старшынём «Справядлівага свету» зноў стаў Сяргей Калякін. На пасаду старшыні Беларускай партыі левых дэлегаты вылучылі трох кандыдатаў — Сяргея Калякіна, Аляксея Елісеева і Валерыя Ухналёва.

Намеснікамі старшыні партыі абраныя: Валерый Ухналёў, Анатоль Лашкевіч, Аляксей Елісееў ды Канстанцін Мішчанка. Усе яны і былі раней намеснікамі кіраўніка партыі. Сяргей Калякін бяззменна ачольвае партыю з 1994-га году.

Раней на з’ездзе на закрытым паседжанні завяршыўся разгляд пытання аб вылучэнні партыяй свайго кандыдата ў прэзідэнты. За тое, каб кандыдатам „Справядлівага свету” стаў лідар Сяргей Калякін, прагаласавала 105 дэлегатаў з’езда, супраць вылучэння — 39, устрымалася 16 дэлегатаў. Галасаваньне праходзіла пайменна. ​

* * *

У Менску праходзіць 18-ты з’езд Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”. Плануецца, што на ім лідара партыі Сяргея Калякіна вылучаць прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта.

На з’езд прыбылі 167 дэлегатаў. У зале шмат запрошаных з іншых беларускіх партый і грамадскіх арганізацый, а таксама замежныя госці, сябры левых партый з Нямеччыны, Даніі, Люксембургу, Чэхіі, Балгарыі ды іншых краінаў. Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, якіх таксама запрашалі на з’езд, не прыйшлі.

Са справаздачай выступіў старшыня партыі Сяргей Калякін. Ён адзначыў, што ў справаздачным перыядзе не ўдалося пашырыць геаграфію прысутнасці партыі ў рэгіёнах, у выніку чаго Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» ня мае прадстаўнікоў у 57-мі рэгіёнах краіны.

Мяркуецца, што разгляд пытання па вылучэнні кандыдата на прэзідэнцкія выбары адбудзецца заўтра на закрытым паседжанні з’езду.

Беларускае Радыё Рацыя