Спынены крымінальны пераслед Ірыны Леўшынай



Следчы камітэт спыніў крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыны Леўшынай. Раней ёй было прад’яўлена абвінавачванне па частцы 2 артыкула 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі). Такім чынам, з 15 фігурантаў так званай “справы БелТА” аб несанкцыянаваным доступе да ленты навінаў гэтага дзяржаўнага тэлеграфнага агенцтва абвінавачанай па  частцы 2 артыкулу  425 Крымінальнага кодэксу – бяздзейнасць службовай асобы, застаецца толькі галоўны рэдактар ТУТ.бай Марына Золатава.

Ірына Леўшына лічыць, што гэтая справа – спроба запалохаць незалежных журналістаў:

– Магчыма гэта была праверка, наколькі паддаюцца ціску журналісты. Я чамусьці думаю, спадзяюся, што ім было з намі нялёгка працаваць. Я ведаю, што многія фігуранты не вялі сябе як ахвярныя авечкі. І па праўдзе кажучы, нейкай радасці я  не адчуваю. Мяне ўсе віншуюць. І такое адчуванне спустошанасці і стомленасці. І насамрэч віншаваць асабліва няма з чым. Бо сама гэтая справа дутая. Выкачалі з людзей кучу грошай, а з нашай прафесіяй іх ні ў кога няма. Усё гэта вельмі непрыемна.

Па меркаванні Ірыны Леўшынай, Следчы камітэт быў толькі выканаўцам. А ўся справа была заказана і зрэжысавана на ўзроўні дзяржаўных ідэолагаў. Але перамогі ў гэтай справе яны не атрымалі. А хутчэй за ўсё, наадварот, – лічыць Ірына Леўшына. Па яе меркаванні, тыя, хто ініцыяваў гэтую справу, не разлічвалі на такую рэакцыю, і не толькі з боку міжнародных структураў. У Беларусі грамадства, журналісцкая супольнасць праявілі салідарнасць і выказалі моцную падтрымку тым, хто патрапіў пад крымінальны пераслед.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя