Спыніць фальсіфікацыі і вярнуць людзям права выбару



Пад такой назвай адбыўся круглы стол прадстаўнікоў палітычных партый і былых кандыдатаў у дэпутаты, якія далі ацэнку мінулай выбарчай кампаніі.

“У той час, калі ў беларускай апазіцыі ўпершыню за апошнія гады з’явіліся дэпутаты ў Палаце прадстаўнікоў, узнікае магчымасць змянення выбарчага заканадаўства”, – кажа кіраўнік Экспертнага савета пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі:

– Па ініцыятыве Ганны Канапацкай, якая стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, і АГП праводзіцца круглы стол, дзе абмяркоўваецца неабходнасць зменаў у выбарчым заканадаўстве, каб пазбегнуць фальсіфікацый і вярнуць людзям права выбару. У гэтым галоўная задача. Тут ёсць тыя, хто займаўся назіраннем, і тыя, хто разбіраецца ў выбарчым заканадаўстве, і ўсе тыя, хто зацікаўлены ў змене заканадаўства, каб людзі маглі галасаваць, і іх галасы лічылі.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі прапанаваны праект Закону аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэкс, а таксама план дзеянняў па прасоўванні праекту Закона ў новым складзе парламенту. Круглы стол надалей будзе праводзіцца на рэгулярнай аснове,- адзначылі арганізатары сустрэчы.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота qwas.ru