“Спыніць паўзучы дэмантаж беларускай дзяржаўнасці!” – заява паліткамісіі БНФ
Палітычная камісія Партыі БНФ выступіла з заявай, у якой дзеянні рэжыму Лукашэнкі ацэньваюцца як „паўзучы дэмантаж беларускай дзяржаўнасці”, выказваецца падтрымка рэпрэсаваным сябрам Каардынацыйнай рады і заклік распачаць дыялог дзеля выратавання краіны.
Прыняцьцё заявы выклікана тым, што шэраг крокаў улады, якія былі зробленыя пасьля сфальсіфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў і хвалі жорсткіх рэпрэсіяў ствараюць сьмяротную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі. „Выклікае трывогу намер Лукашэнкі разгарнуць перамовы пра “паглыбленую інтэграцыю” ужо ў найбліжэйшым часе разам з ягонымі запытамі па дадатковую эканамічную і палітычную падтрымку з Усходу. Гэта можа сьведчыць пра ягоны разьлік захаваць кантроль над краінай праз пераўтварэньне Рэспублікі Беларусь у пратэктарат Масквы, захаваўшы за сабой статус непрызнанага беларускім народам але прызначанага Масквой начальніка” – гаворыцца ў заяве.
У гэтых умовах Партыя БНФ заяўляе пра падтрымку народнага руху супраціву ўзурпатару і лічыць, што цяпер няма іншага шляху апроч перамоваў для выхаду з гэтага палітычнага крызысу – толькі так можна прадухіліць сьмяротную небясьпеку, якая навісла цяпер над беларускай дзяржавай.
Партыя БНФ пацьвярджае прызнаньне статуса сфармаванай на заклік Сьвятланы Ціханоўскай Каардынацыйнай Рады як легітымнага прадстаўніка народнага пратэстнага руху, а таксама пацьвярджае свой мараторый на крытыку азначанай структуры і асуджае любыя спробы застрашэньня і рэпрэсіяў у дачыненьні да сябраў Каардынацыйнай Рады з боку ўлады і заклікае да іх неадкладнага спыненьня, што ёсьць неабходнай перадумовай для пачатку дыялёгу.
Адначасова БНФ рашуча асуджае любыя спробы заахвоціць вонкавае ўмяшальніцтва ў сітуацыю ў Беларусі, лічачы асабліва небясьпечнымі заклікі да расейскай падтрымкі, ад каго б яны не сыходзілі.
У мэтах прадухіленьня грамадзянскай вайны, замежнай інтэрвенцыі і страты незалежнасьці краіны БНФ заклікае да агульнацыянальнага дыялогу з удзелам шырокага кола ўсіх адказных грамадска-палітычных структураў дзеля выратаваньня краіны.
Перадумовай для дыялогу з’яўляецца вызваленне палітвязняў і спыненне крымінальных справаў, распачатых у дачыненні да ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і пратэстоўцаў.