Спыніць спробы расколу беларускага грамадства
Заява ГА «Саюз беларускіх пісьменікаў» і Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»
У апошні час усё часцей з боку ўладных структур Беларусі на самым высокім узроўні мы чуем запалохванні ў тым, што сёлетні мірны пратэст за справядлівыя выбары адною са сваіх мэтаў мае гвалтоўнае насаджэнне бел-чырвона-белага сцяга і беларусізацыі як уціску рускамоўнага насельніцтва. Такім чынам улады хочуць адцягнуць увагу ад наяўных праблем і патрабаванняў грамадзян правесці новыя справядлівыя і празрыстыя выбары прэзідэнта краіны і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у гвалце над сваім народам.
Больш за тое, чым часцей гучаць такія заявы, тым больш нарастае ўпэўненасць, што ўлады спрабуюць правесці прапагандысцкі раскол у беларускім грамадстве, – так, як гэта было ва Украіне зусім нядаўна. Навязваючы і распаўсюджваючы ілжывую інфармацыю, улады імкнуцца пасеяць варажнечу сярод удзельнікаў мірнага пратэсту, а таксама, што найбольш важна, паказаць вонкавым назіральнікам, у першую чаргу – расейскім, што ў Беларусі на дадзены момант існуе неабходнасць у актыўным умяшальніцтве ва ўнутраныя справы, у тым ліку вайсковым.
Мы перакананыя, што нацыянальныя сімвалы Беларусі, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», унесены самой уладай у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, служаць грамадству толькі дзеля яго яднання і кансалідацыі, што паказваюць і мірныя акцыі пратэсту, дзе нашыя старажытныя сімвалы трывала замацаваліся і актыўна выкарыстоўваюцца ўсімі пакаленнямі дэманстрантаў.
Гэтаксама і беларуская мова служыць толькі мэтам яднання і з’яўляецца бясспрэчнай каштоўнасцю беларускай нацыі.
Мы, Саюз беларускіх пісьменікаў і Згуртаванне «Бацькаўшчына», патрабуем спыніць усякія спробы ўнесці раскол у беларускае грамадства. Лічым, што такія маніпуляцыі з каштоўнасцямі беларускага народа шкодзяць міждзяржаўным стасункам і нясуць пагрозу суверэнітэту нашай краіны.