Стала больш скаргаў на органы ўнутраных спраў і ахову здароўя



За першую палову 2019 года ў Адміністрацыю прэзідэнта паступіла 13.058 зваротаў грамадзян. Паводле дадзеных прэзідэнцкай адміністрацыі, тысячы скаргаў звязаныя з рашэннямі судоў, органаў унутраных спраў і пытаннямі пра жыллё.

У студзені—чэрвені агульная колькасць зваротаў грамадзян павялічылася на 2,8% у параўнанні з першай паловай мінулага года, гаворыцца ў аглядзе галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, які апублікаваны ў апошнім нумары інфармацыйнага бюлетэня Адміністрацыі прэзідэнта.

„Памяншэнне колькасці зваротаў зафіксавана толькі з Гарадзенскай вобласці і Менска (адпаведна на 7,9% і 1%). Найбольшы рост колькасці скаргаў адзначаецца з Менскай і Берасцейскай абласцей (адпаведна 7,9% і 3,6%)”, — гаворыцца ў аглядзе.

Больш за ўсё зваротаў грамадзян паступіла па пытаннях жыллёвага фонду і жыллёва-камунальнай гаспадаркі — 2.427 (18,5% агульнай колькасці).

„Як правіла, гэтыя звароты тычыліся капітальнага і бягучага рамонту жылых дамоў, добраўпарадкавання месцаў агульнага карыстання і населеных пунктаў, аплаты жыллёва-камунальных паслуг, стану дарог у раённых і сельскіх населеных пунктах”, — адзначаюць аўтары агляду.

У ліку трох самых папулярных тэм, якія паднялі грамадзяне ў першым паўгоддзі, аказаліся пытанні, якія тычыліся рашэнняў судоў (1.509 зваротаў) і дзеянняў органаў унутраных спраў (936). Пры гэтым колькасць скаргаў на дзеянні органаў унутраных спраў павялічылася на 13,3% у параўнанні са студзенем—чэрвенем мінулага года.

„У значнай меры на рост колькасці карэспандэнцыі гэтай тэматыкі паўплывалі звароты маці асуджаных за незаконны абарот наркатычных сродкаў аб прымяненні да іх дзяцей амністыі”, — тлумачыцца ў аглядзе.

У першым паўгоддзі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года таксама павялічылася (на 16% да 718) колькасць скаргаў на сістэму аховы здароўя.

„На рост колькасці зваротаў паўплывалі і праблемы забеспячэння льготнікаў медыцынскімі прэпаратамі. На іх думку, беларускія аналагі ў разы горшыя за імпартныя”, — гаворыцца ў дакуменце.

Колькасць скаргаў па пытаннях архітэктуры і будаўніцтва ў першым паўгоддзі павялічылася на 12% да 557 у параўнанні з першай паловай мінулага года.

„Рост колькасці зваротаў па гэтай тэме абумоўлены скаргамі на недаступнасць дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля для пераважнай колькасці насельніцтва краіны. У апошні час на дзяржпадтрымку могуць разлічваць толькі шматдзетныя сем`і”, — адзначаюць спецыялісты Адміністрацыі прэзідэнта.

234 скаргі было на „органы следства” — на 78% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. „У іх гаворыцца пра незаконныя метады следства, прыняцце неправамерных рашэнняў”, — тлумачаць змест зваротаў спецыялісты Адміністрацыі прэзідэнта.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая паведаміла БелаПАН, што ёй таксама даводзіцца ўвесь час атрымліваць звароты грамадзян па пытаннях, якія тычацца следства, працы судоў і органаў унутраных спраў.

„Людзі скардзяцца на тое, што падазраваных збіваюць, аказваюць на іх псіхалагічны націск. Даходзіць да таго, што сваякі пацярпелых дасылаюць кампакт-дыскі з пацвярджэннем такіх выпадкаў”, — сказала Канапацкая.

На яе думку такі паток зваротаў — заканамернае следства працы праваахоўнай сістэмы, якая сфарміравалася ў краіне.

„Неправамерныя дзеянні праваахоўных органаў, пра якія пішуць грамадзяне і на якія ўказаў прэзідэнт на днях падчас нарады, — гэта вынік у тым ліку і таго, што ў нашай краіне адсутнічае грамадскі кантроль за дзейнасцю сілавых структур”, — падкрэсліла Канапацкая.

БелаПАН