Пяць ядзерных дзяржаў выступілі з заявай пра недапушчальнасць ядзернай вайны
Пяць дзяржаў-сталых чальцоў Рады бяспекі ААН, у тым ліку ЗША і Расея, выступілі з сумеснай заявай аб прадухіленні ядзернай вайны і недапушчэнні гонкі ўзбраенняў.
Заява апублікавана, у прыватнасці, на сайтах Белага дому і Крамля.
У апублікаванай 3-га студзеня сумеснай заяве, Расея, ЗША, Францыя, Вялікабрытанія і Кітай, як краіны, якія валодаюць ядзерным арсеналам адзначылі, што «лічаць сваёй першачарговай адказнасцю недапушчэнне вайны паміж дзяржавамі, якія маюць ядзерную зброю, і зніжэнне стратэгічных рызык».
«Мы заяўляем, што ў ядзернай вайне немагчыма перамагчы і яна ніколі не павінна быць развязана. Паколькі прымяненне ядзернай зброі мела б шырокамаштабныя наступствы, мы таксама пацвярджаем, што ядзерныя ўзбраенні – пакуль яны працягваюць існаваць – павінны служыць абарончым мэтам, стрымліванню і прадухіленню вайны. Мы цвёрда перакананыя ў неабходнасці прадухіліць далейшае распаўсюджванне такіх узбраенняў», – гаворыцца ў сумеснай заяве пяцёркі ядзерных дзяржаў.
Бакі таксама падкрэслілі важнасць захавання двухбаковых і шматбаковых пагадненняў і абавязанняў у сферы нераспаўсюду ўзбраенняў, раззбраення і кантролю над узбраеннямі.
Фота: golosameriki.com