Станіслаў Шушкевіч не выключае станоўчых зрухаў ад менскай сустрэчы
“Менск – гэта добрае месца для перамоваў лідараў дзяржаваў Мытнай тройкі з прэзідэнтам Украіны”, – лічыць першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Сустрэча Уладзіміра Пуціна, Нурсултана Назарбаева, Аляксандра Лукашэнкі з Пятром Парашэнкам пры ўдзеле высокапастаўленых прадстаўнікоў Еўразвяза мае адбыцца 26-га жніўня. Сярод яе галоўных мэтаў – дасягненне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.
Беларускі палітык не выключае, што перамовы ў Менску могуць прывесці да пэўных зрухаў:
– Калі Еўропа будзе паслядоўнай, будзе стойка захоўваць тую пазіцыю, якую займае, то, я думаю, зрухі могуць быць. Пуцін фактычна аказваецца ў стане ізаляцыі. Акрамя Лукашэнкі ды іншых, у яго няма паплечнікаў. Таму мне падаецца, што зрухі павінны быць у станоўчы бок, у бок тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
У той жа час Станіслаў Шушкевіч адзначае, што той “цынізм, да якога дайшоў Крэмль, немагчыма ні з чым параўнаць”. І прыгадвае, што пад выглядам гуманітарнай дапамогі Пуцін спрабуе падтрымаць сваіх “пасланцаў” і баевікоў. Таксама беларускі палітык станоўча ацэньвае пазіцыю лідара Украіны Пятра Парашэнкі і спадзяецца, што гэтая пазіцыя па-ранейшаму застанецца еўрапейскай.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ria.ru