Станіслаў Шушкевіч: Еўропа рада падманвацца



Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў візіт высокіх гасцей з Еўразвязу ў Беларусь.

Нагадаем, у Менск па запрашэнні АБСЕ прыехаў спецдакладчык ААН Міклаш Харашці. Ён возьме ўдзел у 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая будзе праходзіць 5-9 ліпеня ў беларускай сталіцы.

Станіслаў Шушкевіч: Тое, што сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ пройдзе ў Менску, гэта добра. Усё ж-такі нам трэба падтрымліваць добрыя стасункі з Захадам. Іншая справа, што Еўропа лічыць, што сёняшні беларускі рэжым можна перавыхаваць, але, як мне падаецца, гэта ім зрабіць не ўдасца. Хаця, безумоўна, еўрачыноўнікі пачуюць у Менску тое, што хочуць пачуць – рыторыкі ў беларускіх уладаў не займаць, а за словы расплочвацца не трэба. Пры гэтым змены палітычнага курса ніхто так і не дачакаецца. Але здзіўляцца не варта – Еўропа наступала на старыя граблі шмат разоў і рада падманвацца. Еўрапейцы мяне даўно ўжо не здзіўляюць. А ўлады адкрытым тэкстам кажуць – ніякіх зрухаў у паляпшэнні правоў чалавека не будзе. Маўляў, не трэба на гэтым спекуляваць.

РР: Але, можа ўсё-такі варта чакаць нейкіх практычных вынікаў пасля візіта ў Менск высокіх еўрапейскіх гасцей?

Станіслаў Шушкевіч: ААН паступіла лепш – яна захавала спецдакладчыка па Беларусі. Але ён не патрэбен, калі ў краіне адбываюцца змены ў накірунку правоў чалавека і дэмакратыі. Таму ААН паказвае прыклад нармальнай рэакцыі міжнароднай супольнасці. А Еўропа вырашыла пагуляцца ў гепалітыку.

РР: На ваш погляд, фігурантаў “справы патрыётаў” спецыяльна выпусцілі з турмаў напярэдадні сесіі Парламенцкай Асамблеі?

Станіслаў Шушкевіч: У гэтым няма сумненняў, бо хлопцам маглі “прышыць” што заўгодна пасля тых паклёпаў, што гучалі ў іх адрас па тэлебачанні і з вуснаў адказных асоб. Таму вызваленне хлопцаў, як мне падаецца, адзіны станоўчы вынік міжнароднага мерапрыемства, якое пройдзе ў Менску.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Раждыё Рацыя