Станіслаў Шушкевіч: Гэта адна цёмная сіла
Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў візіт міністра замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроўва:
– Я маю пачуццё агіднасці, калі гляджу на Лаўрова, на апраўданне ім гэтай цемрашальскай палітыкі. Калі б ён быў прыстойным чалавекам, то даўно падаўся б у адстаўку. Калі апраўдваецца агрэсія гэтай краіны, і калі тут вядзецца размова, што з нашым гэтым, так сказаць, кіраўніком галоўным, які ў пачатку выступлення гаворыць пра тэрытарыяльную цэласнасць, якую ён прызнае, а пасля гаворыць, што Крым расейскі, вы ведаеце, гэта змова цёмных сіл. Гэта адна цёмная сіла – прадстаўнік расейскай цёмнай сілы, імперскай Расеі, прыязджае да другой цёмнай сілы. Я не ведаю з кім яны хочуць змагацца, але тое, што з беларускім народам, гэта адназначна. Лаўроў ніколі не звярнуў увагі, альбо хтосьці з кіраўнікоў Расеі, што ўсе назіральнкі паказваюць, што ў нас няма выбараў. Расейскіх ветэранаў вымуштравалі, яны паказваюць, што былі выбары, яны ўжо многага не бачаць. Іх пакармілі, папаілі, пасадзілі і яны як ў савецкія часы на партыйна-гаспадарчым сходзе галасуюць за тое, што ў нас справядлівыя выбары. Гэта хлусня, і пэўную хлусню прывязе сюды Лаўроў. Я не веру ў гэты падыходы прыстойнасці таму, што галоўны лідар Расеі, ён чысты імпершчык, апраўдвае ўсе захады, якіх павінен цурацца нармальны кіраўнік нармальнай дзяржавы.
Таксама Станіслаў Шушкевіч не выключыў, што Расея будзе надалей нарошчваць свой ваенны патэнцыял. Аднак чарговая “халодная вайна”, на думку палітыка, будзе не на карысць Расеі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя