Станіслаў Шушкевіч: Гэта партыйна-гаспадарчае мерапрыемства



Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч ацаніў “масштабнасць” новага “вялікага хурала”.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што 5-ы, юбілейны, Усебеларускі народны сход усё ж пройдзе ў Менску. Праўда, канкрэтную дату мерапрыемства ён не агучыў.

Як вядома, Усебеларускі народны сход праводзіўся ў краіне ў 1996, 2001, 2006 і 2010 гадах і заўсёды напярэдадні альбо падчас важных палітычных кампаній (рэферэндуму і прэзідэнцкіх выбараў). У гэтым годзе ўпершыню перад прэзідэнцкімі выбарамі сход не праводзіўся. Магчыма, таму, што многія з тых планаў, якія ставіліся на мінулых сходах, так і засталіся невыканынымі?

Станіслаў Шушкевіч: Да гэтых “хуралаў” я стаўлюся, як да партыйна-гаспадарчых сходаў, што практыкаваліся ў савецкія часы. Нічога практычнага там не будзе. Будуць ківаць галовамі ды пляскаць у далоні – вось і ўвесь вынік. А Мясніковіч, які ўжо аджывае ўрадавы век, павінен жа неяк варушыцца на сваёй пасадзе, бо менеджэр ён нядрэнны. Але, паўтаруся, сход нічога не вырашыць, і, калі казаць шчыра, ён абсалютна не патрэбен. Гэта не парламент і нават не мясцовая ўлада. На сход збяруцца тыя асобы, якія вырашылі папляскаць у далоні і пахваліць уладу. А сур’ёзнага аналіза той сітуацыі, у якой знаходзіцца краіна, хутчэй за ўсё, не будзе. Хоць той жа Мясніковіч здольны зрабіць такі аналіз.

РР: Напэўна, на сходзе усё ж-такі будуць пастаўлены нейкія задачы на пяцігодку, хоць, як правіла, яны і не выконваюцца.

Станіслаў Шушкевіч: Высокія задачы – гэта такая зараза, якая хапіла і ўрад, і ўсю беларускую ўладу. І ставяць іх таму, што той жа Усебеларускі сход ні за што не нясе адказнасць. Гэта такая акцыя ўхвалення ўлады пасля так званых выбараў. У Еўропе многія сказалі вельмі дакладна: выбараў у Беларусі фактычна не было, дэмакратыі няма, усё гэта – спектакль.

РР: Чаму ўлада не ставіць перад сабой рэальныя планы і задачы?

Станіслаў Шушкевіч: Прабачце за параўнанне, але гэта тое самае, што сабраць сход хворых у шпіталі, на якім будуць вырашаць, як лячыць пацыентаў. Такія задачы павінны вырашаць прафесіяналы. А, калі праблема выносіцца на такі вялікі кагал, значыцца прафесіяналы не здольныя захапіць людзей і працаваць над тым, каб палепшыць жыццё народу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя