Станіслаў Шушкевіч: Інтэграцыю пашыраюць, каб “з’есці” Беларусь



Колішні старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі прафесар Станіслаў Шушкевіч заявіў, што не разумее выразаў беларускіх чыноўнікаў пра «паглыбленне інтэграцыі з Расеяй».

Вялікай карысці ад так званай «Саюзнай дзяржавы» беларусы не маюць. Больш за тое, Станіслаў Шушкевіч лічыць, што Мытны Саюз і Саюзная дзяржава з Расеяй у некаторых момантах нават ускладняюць жыццё.

– Ад Саюзнай дзяржавы я, асабіста, маю толькі складанасці. Атрымоўваць багаж, калі лячу, у Маскве, і здаваць яго – праходзіць мытны кантроль. Я праз Маскву лятаў у Баку, таксама нязручна, з багажом праблемы. То я лепей палячу праз Кіеў. Не ведаю, дзеля чаго павінны быць пашыраныя інтэграцыйныя працэсы. Для таго, каб “з’есці” Беларусь. Адказ адзіны. Гэтых размоў пазбягае Лукашэнка, таму што, калі яго прыцісне Пуцін, ён здасць Беларусь.

Уся прабеларускасць Лукашэнкі — штучная, таму пры немагчымасці далейшага балансавання, незалежнасць для яго не каштоўнасць, — дадаў Станіслаў Шушкевіч.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск