Станіслаў Шушкевіч: «Мне было сорамна, але я маўчаў»
«Мне было сорамна, але я маўчаў», — кажа былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прыгадваючы падзеі пяцідзесяцігадовай даўніны. Тады войскі Савецкага Саюзу і ўвогуле краін „Варшаўскаай дамовы” задушылі „Пражскую вясну”, спробу рэформаў у Чэхаславаччыне.
У размове з карэспандэнтам „Радыё Рацыя” Генадзем Барбарычам Станіслаў Шушкевіч падзяліўся думкамі наконт драматычных і незабыўных падзей „Пражскай вясны” і яе брутальнага знішчэння ў жніўні 1968 года і пра тое, як гэтыя падзеі паўплывалі на сацыялістычны блок і ўвогуле, увесь свет.
— Мне было сорамна, але я маўчаў. Сёння мне сорамна за гэтае маўчанне. Але, калі б я не маўчаў, дык не ведаю, ці быў бы я жывы.
РР: А як па-вашаму гэтыя падзеі паўплывалі на лёс Савецкага Саюза, Чэхаславаччыны і ўвогуле на гістарычны працэс?
— Я думаю, што прапаганда падавала гэта ў такім кантэксце, што гэта мала паўплывала на большую частку насельніцтва СССР, але на такіх вось дысідэнтаў як Аляксеева, Сяргей Адамавіч Кавалёў яно моцна паўплывала. Многія з іх селі ў турму за пратэсты супраць гэтага. А на насельніцтва паўплывала слаба, бо савецкая прапаганда ізалявала людзей ад сутнасці рэчаў і ад гэтай камуністычнай подласці.
РР: Тады была страчана магчымасць рэформаў сацыялістычнай сістэмы, магчымасць зрабіць сацыялізм, як тады казалі, «з чалавечым абліччам»…
— Мне здаецца што яна была страчана яшчэ ў 1917 годзе. Усё, што абапіралася на марксізм, значыцца тое, што ў нядолі быў рабочы клас і рабочы клас пачынаў змагацца за свае правы, а фактычна становішча рабочага класа паляпшалася з развіццём прамысловасці, тэхналогій і таму ён перастаў быць той сілай, якая рабіла б рэфармаванні і перабудовы рознага кшталту. І тыя перабудовы пачалі рабіць людзі, які імкнуліся да ўлады і якія атаясамлівалі уладу і маёмасць. Яны ікнуліся да ўлады, яны ўмацоўвалі сябе грашыма і маёмасцю, яны панавалі і жылі лепш за іншых, ды шанавалі сябе, а не шанавалі дзяржаву.
РР Гэта тое, што праявілася ў Савецкім Саюзе ў 70-я — 80-я гады мінулага стагоддзя, але Чэхаславацкі досвед 60-х гадоў якраз у тым, што была зроблена спроба змяніць гэтае становішча…
— Я не выключаю, што яны былі шчырымі, але ж вы ведаеце, што пасля ў нас было прынята «збіраць жалуды, каб з іх дубчыкі не нараслі». Людзі шчыра хацелі рэфармавання, але ім паказалі, што трэба слухаць Маскву, а Маскву рэфармаваць было немагчыма.
РР: Ці можна зрабіць высновы з тых падзей, што адмова ад рэформаў урэшце рэшт прыводзіць да краху сістэмы?
— Я думаю, гэта паказала, што рэфармаваць, пабудаваць «з чалавечым тварам» дзяржаву, у канстытуцыі якой запісана, што кіруючай сілай з’яўляецца камуністычная партыя, немагчыма. І гэта пачалося, калі быў крызіс, калі быў Афганістан і ўсё трашчала па швах. Урэшце Гарбачоў вырашыў сабраць з’езд, дарэчы, каб умацаваць сваё становішча, і раптам з’езд пайшоў іншым шляхам. Я ганаруся, што меў да гэтага дачыненне.
РР: А калі вы пераглядзелі свае погляды? Падзеі Пражскай вясны неяк паўплывалі на вас?
— Ведаеце, на мяне паўплывалі і іншыя падзеі. Мой бацька быў «ворагам народа», а ў 56-перастаў ім быць. Гэта больш на мяне паўплывала, чым розныя падзеі ў замежжы. Я зразумеў, што гэта агідны палітычны строй, і што з ім трэба канчаць, але я змагаўся па-свойму: у мяне была вельмі цікавая праца, я быў фізікам, а фізіка не падпарадкоўваецца ніякай палітыцы, бо яна аднолькавая і для камуністаў, і для лібералаў і для манархістаў і для цемрашалаў.
РР: А вам не даводзілася сустракацца з лідарамі Пражскай вясны?
— Я быў на пахаванні Дубчака ў Браціславе і Вярхоўны савет наш ужо тады арыентаваўся ў тым, што адбылося і як, і ён афіцыйна накіраваў мяне удзельнічаць у пахаванні, як кіраўніка дзяржавы.
РР: Гісторыя паказвае, што, як бы ні душылі свабоду і дэмакратыю, яны прарываюцца. Цяпер і Чэхія і увесь іншы Усходні блок — свабодны і дэмакратычны. Можа і Беларусь хутка пойдзе па гэтым шляху?
— Я думаю, што і Беларусь стане, але ў нас вялікая бяда — наш усходні сусед. Мне здаецца, што ў Расеі надта многа антыдэмакратычных сіл, якія любяць уладу і арыентуюцца на КГБ-шныя падыходы, на спецслужбы. А спецслужбы — гэта антыдэмакратыя, гэта дзяржаўны тэрарызм і так далей. І гэта ў нас да сённяшняга часу. Дагэтуль невядома, куды зніклі нашы харызматычныя палітыкі, нераскрыты шэраг пытанняў, якія цяжка патлумачыць. У нас сядзіць гіганцкі дом Адміністрацыі прэзідэнта, які кіруе усім і кажа, што рабіць і ні за што не адказваюць. Яны патрабуюць ад Урада тое, чаго Урад не можа зрабіць пры гэтым палітычным строі, але яны за гэта не адказваюць. У першую чаргу прэзідэнт, які можа з усіх патрабаваць, а калі ён сам памыляецца, яму не сорамна, бо ён даўно страціў пачуццё сораму. Я не песіміст, але я не бачу, як у гістарычным кантэксце Беларусь прыйдзе да дэмакратыі, і чакаць у гістарычным маштабе часу можа і нядоўга, а ў фізічным маштабе я баюся даволі доўга. Маючы 1560 кіламетраў адкрытай мяжы з Расеяй, якая ніколі не будзе дэмакратычнай і паказвае прыклад бандытызму з анексіяй Крыма напрыклад, чакаць, што тут можа развіцца дэмакратыя, вельмі цяжка.
РР: Мы Вам зычым асабіста, каб фізічна Вы дачакаліся, калі Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай.
— Я імкнуся да гэтага.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя