Станіслаў Шушкевіч: На вялікі жаль патрыятызму ў нас тут не чуваць
21 лютага міжнародная супольнасць штогод адзначае дзень Роднай мовы. Таварыства беларускай мовы заклікала правесці ў гэты дзень VІІІ Усебеларускую дыктоўку. Для яе таварыства сёлета выбрала творы Францішка Багушэвіча, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч дыктоўкі сёлета не пісаў, а дзень роднай мовы адзначае кожны дзень.
Чаму грамадзяне Беларусі цураюцца сваей мовы? Станіслаў Шушкевіч адказвае на гэтае пытанне:
– Няма адукацыі. Нават той універсітэт, які падаўся ў замежжа – Еўрапейскі гуманітарны універсітэт – там таксама аказалася пануе руская мова, бо ўсе савецкага выхавання выкладчыкі. Гэтыя праблемы былі, ёсць і застаюцца. На вялікі жаль патрыятызму ў нас тут не чуваць. Ёсць індывідумы яскравыя з цудоўнай беларускай мовай – я іх магу на пальцах пералічыць.
Адмысловыя мерапрыемствы, прымеркаваны да дня роднай мовы, праходзяць ўвесь тыдзень па ўсёй Беларусі, арганізаваныя яны недзяржаўнымі арганізацыямі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя