Станіслаў Шушкевіч: Не чакаю паляпшэння стасункаў паміж Расеяй і ЗША



Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч прагназуе, ці будуць прыняты нейкія лёсавызначальныя рашэнні падчас сустрэчы кіраўнікоў Расеі і ЗША.

Нагадаем, што сустрэча прэзідэнтаў Расеі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна пройдзе ў Жэневе 16 чэрвеня.

Станіслаў Шушкевіч: Не думаю, што падчас гэтай сустрэчы будуць прыняты нейкія важныя рашэнне ці падпісаны лёсавызначальныя дакументы. Хутчэй за ўсё, гэта такая разведка, Байдэн і Пуцін будуць прыглядацца адзін да аднаго.

Якія будуць наступствы? Усё будзе залежыць ад таго, ці прыйдуць палітыкі да паразумення. Але адназначна – такія кантакты абавязкова патрэбна ладзіць. Ваяўнічая палітыка вельмі небяспечная для ўсяго свету.

Але не думаю, што пасля сустрэчы мы ўбачым вялікае паляпшэнне ў стасунках паміж ЗША і Расеяй. Крэмль апошнім часам пакзвае, што будзе працягваць тую знешнюю і ўнутраную палітыку, якую прапагандуе апошні час, і адступацца ад яе не збіраецца. Мяркую, пра гэта і пойдзе гаворка ў Жэневе.

РР: На ваш погляд, ці будзе там закранацца беларускае пытанне?

Станіслаў Шушкевіч: Калі і будзе, то ўскосна. У Расеі і ЗША досыць шмат сваіх нявырашаных пытанняў, якія неабходна ўзгадняць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя