Станіслаў Шушкевіч: Не думаю, што расейскія войскі застануцца
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў жорстка адрэагаваў на заявы пра магчымую акупацыю Беларусі з боку Расеі. На думку кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Расейскай Федэрацыі, большага трызнення з боку еўрапейскіх палітыкаў цяжка сабе ўявіць.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч таксама скептычна ставіцца да меркавання, што расейскія войскі пасля вучэнняў „Захад-2017” застануцца ў Беларусі:
– Я таксама не думаю, што тут застануцца расейскія войскі. Расея зрабіла столькі агідных учынкаў, што гэта проста было б дэманстрацыяй бандытызму, дэманстрацыяй таго, што яны могуць разам з Беларуссю адсюль што хочаш зрабіць. Гэта дэманстрацыя таго, што беларускае кіраўніцтва з’яўляецца нявольнікам Расеі. Яны дэманструюць, што калі захочуць, то могуць атакаваць Украіну ці нават страшыць Польшчу. Яны бачаць тут сатрапа, свайго васала, які дагаджае ім як можа, каб яны ўтрымалі яго пры ўладзе – вельмі ўзаемавыгадна.
Намеснік генеральнага сакратара NATO Роўз Готэрмюлер распавяла, што яны занепакоеныя „агрэсіўнымі” паводзінамі Расеі і асцерагаюцца „сюрпрызаў” ад вучэнняў „Захад-2017”, якія пройдуць восенню.
Готэрмюлер дадала, што пакуль невядома ці будуць прысутнічаць афіцыйныя назіральнікі на вучэннях, якія запланаваны на 14-20 верасня.
У мерапрыемстве прымуць удзел па тры тысячы вайскоўцаў з боку Расеі і Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя