Станіслаў Шушкевіч: Не варта шкадаваць антыбеларускае
Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавядае пра тое, чаму ў яго зусім няма шкадавання з той нагоды, што скандынаўскія краіны спыняюць фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ).
Пра спыненне фінансавання было заяўлена ў паведамленні, надрукаваным на сайце Паўночнай рады — рады міністраў замежных спраў краін Скандынавіі і Балтыі.
Станіслаў Шушкевіч: Нічога не бачу дрэннага ў спыненні такога фінансавання. Мабыць, скандынавы паразумнелі, таму што ў значнай ступені ЕГУ – гэта антыбеларускі ўніверсітэт. Кіраўніцтва навучальнай установы праводзіла такую ж палітыку. І я пра гэта казаў шмат разоў, але, як кажуць, ад гэтага нічога не змянялася. Я імкнуўся гэта адкрыта патлумачыць на канферэнцыях, пры ўсіх… Казаў, што трэба спыніць антыбеларушчыну. Таму сёння спыненне фінансавання ЕГУ – гэта ў маім разуменні санкцыі супраць іх антыбеларускасці.
РР: Чаму Вы такія катэгарычныя?
Станіслаў Шушкевіч: У ЕГУ былі досыць добрыя беларускамоўныя выкладчыкі, але іх паступова выжывалі. І мне здаецца, што скандынавы зразумелі што і да чаго. У Беларусі людзі садзіліся ў турму, змагаліся з рэжымам, а ўсе лаўры з гэтага атрымлівала кіраўніцтва ЕГУ.
РР: Але ж сам праект быў добрай справай?
Станіслаў Шушкевіч: Напачатку – проста цудоўнай! Але ўжо ў 2002 годзе, калі мяне запрасілі на 10-годдзе ўніверсітэта, я зразумеў, у які бок ідзе справа. Тады, падчас урачыстых мерапрыемстваў, былі выступленні на рускай мове, на агельскай, на італьянскай і французскай, але я не пачуў ні слова па-беларуску. І тады я ім сказаў: “Манкурты мае дарагія, вы, напэўна, забыліся, чым павінны займацца”. Яны мяне не зразумелі. Добра, што сёння гэта дайшло да скандынаваў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя