Станіслаў Шушкевіч не верыць у шчырасць дыялогу з Захадам



Менск і Брусель пачалі новы фармат дыялогу. Галоўныя тэмы – гандаль, энергетыка, мытныя справы і правы чалавека. Менавіта пра гэта маюць гаварыць у межах каардынацыйнай групы Беларусь – Еўразвяз, першае пасяджэнне якой прайшло ў Бруселі. Гэтыя падзеі каментуе першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

— Гэта чарговае «аблапошванне» Бруселя, каб атрымаць крэдыт і не больш. Зменаў у нашым заканадаўстве і нават зяваў, што і яно будзе змененае, дзеля таго, каб рэфармаваць беларускую эканоміку, а значыць рэфармаваць і палітычны лад — няма ніякіх. Усе гэтыя заявы адбываюцца на фоне катэгарычнай заявы Лукашэнкі пра тое, што рэформаў не будзе. Наіўнасць будзе ўзнагароджана пустатой, зменаў тут не будзе.

Прыгадаем, што ў лютым Еўразвяз поўнасцю скасаваў абмежавальныя меры ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка днямі падкрэсліў важнасць нармалізацыі стасункаў з Захадам. Незалежная супольнасць ня верыць у тое, што Лукашэнка пры гэтым стане «большым дэмакратам».

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя