Станіслаў Шушкевіч: Някляеў зразумеў, што яго выкарыстоўвалі… (абноўлена)



Лідар грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў заявіў пра свой выхад з апазіцыйных структур. У сваёй заяве кандыдат у прэзідэнты 2010 года патлумачыў прычыну тым, што за два гады беларуская апазіцыя не змагла дамовіцца пра адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбары 2015 года.

Хто будзе наступным лідарам кампаніі „Гавары праўду!” пасля добраахвотнай адстаўкі Уладзіміра Някляева пакуль невядома. Новае кіраўніцтва кампаніі „Гавары праўду!” будзе абрана бліжэйшым часам на з’ездзе, час яго правядзення вызначаць ў сярэдзіне красавіка.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч ацэньвае ўчынак Уладзіміра Някляева, які заявіў пра свой выхад з апазіцыйных структур:

„У сувязі з гэтым заяўляю пра свой выхад з апазіцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду!”, актывістам якой я назаўжды ўдзячны за працу і падтрымку. Незалежнасць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для мяне найважнейшай каштоўнасцю. Дзеля гэтага я буду працаваць і далей”, — перадае БелаПАН словы палітыка.

Станіслаў Шушкевіч: Перш за ўсё я вельмі цешуся, што Някляеў нарэшце зразумеў, хто выкарыстоўваў яго вядомасць і яго талент у сваіх дробных карысных мэтах. Куды толькі яго не ўцягвалі! Збіраліся ўсялякія групоўкі, якім патрэбен быў вядомы чалавек. І знайшлі такога – наіўнага Уладзіміра Някляева. Дарэчы, у мяне з ім на гэты конт не аднойчы была размова, але зараз лічу, што Някляеў здзейсніў мужны ўчынак. Ён сказаў: я дзейнічаю самастойна, і не патрэбна мне вашай падтрымкі, і не трэба, каб вы мяне лічылі лідарам. Я так трактую яго словы…

РР: Адной з прычын сыходу з палітыкі Някляеў назваў няздольнасць апазіцыі дамовіцца пра адзінага кандыдата.

Станіслаў Шушкевіч: Удзельнічаць у выбарах, якія не маюць ніводнага шанца быць выбарамі, могуць толькі маласвядомыя палітыкі. А такіх у нас – цэлая плойма. Яны будуць рабіць усё, што хочаце, але не могуць катэгарычна сказаць: “Мы не будзем гуляць у гульні ўлады”. Мне здаецца, што Някляеў даў добры штуршок у гэтым накірунку, таму што ў іх няма другой прыстойнай постаці, на якую можна было б рабіць стаўку. Ён іх пазбавіў свайго імя, і я Някляева з гэтым проста віншую! Карэктны, спакойны і дастойны ўчынак. Так павінны дзейнічаць людзі, якія ўсвядомілі, што такое палітыка і што трэба рабіць у гэтых агідных умовах, у якіх мы знаходзімся. Сёння ў апазіцыі няма на каго стаўку рабіць, няхай думаюць, як дзейнічаць інакш. Бо ўсе гэтыя вялікія аб’яднанні зроблены толькі для таго, каб атрымаць адчувальную падтрымку ад некага.

РР: Як увогуле вы ацэньваеце дзейнасць Уладзіміра Някляева, як палітыка?

Станіслаў Шушкевіч: Вельмі няпроста ацэньваю. Паўтаруся, Някляеў служыў шчытом для нялепшых сілаў з нялепшымі перакананнямі, у якіх быў уласны інтарэс. І сказаць яму прама: “Валодзя, цябе выкарыстоўваюць,” – было не зусім зручна. Някляеў пазнавата, але сам зразумеў гэта.

„Калі б рашэнне па Кангрэсе дэмакратычных сіл прымаў Някляеў, то кангрэс адбыўся б”, – так каментуе сыход Уладзіміра Някляева з кампаніі „Гавары праўду!” і яго прычыны сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „БХД” Павел Севярынец:

– Калі б рашэнне “Гавары праўду!” па кангрэсе фармуляваў Уладзімір Пракопавіч, а я яго ведаю як чалавека надзейнага і сумленнага, то кангрэс адбыяўся б. Канешне ж шкада, таму што патэнцыял Някляева быў вельмі сур’ёзны. Гэта была моцная беларуская опцыя ў дэмакратычным лагеры. Ну, а ўсё астатняе – гэта вынік вялікай калектыўнай безадказнасці.

„Як паэт і публічная асоба Уладзімір Някляеў застаецца ў беларускай дэмакратычнай супольнасці. А паколькі ў кампаніі „Гавары праўду” ён нічога не вырашаў, то і сыход азначае тое самае”, – так каментуе палітоляг Уладзімір Мацкевіч сыход з кампаніі гавары праўду заснавальніка і першага лідара кампаніі:

– Давайце будзем шчырымі. Уладзімір Някляеў быў тварам кампаніі “Гавары праўду!” Тварам, а  не правадыром, не лідарам. Ён мала што вызначаў у самой гэтай кампаніі. Таму, па вялікім рахунку, сама беларуская апазіцыя нічога не згубіла з сыходам Някляева. Шчыра кажучы, не было чаго губляць. Някляеў сказаў, што ён не памяняў сваіх поглядаў. Ён па-ранейшаму застаўся праціўнікам гэтага рэжыму і па-ранейшаму ў апазіцыі.

„Някляеў згубіў надзею і прыняў рашэнне, якое трэба было прымаць значна раней”, –  лічыць Уладзімір Мацкевіч. Дата з’езду кампаніі, дзе магчыма будзе абраны новы лідар, вызначыцца на пасяджэнні рэспубліканскай рады кампаніі 14 красавіка.

Лідар Руху „За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч выказаў шкадаванне з нагоды рашэння Уладзіміра Някляева сысці з кампаніі „Гавары праўду!”.

„Ён не бачыў сэнсу ў паходзе на выбары вялікай колькасці кандыдатаў, прыводзіў прыклад выбараў 2010 года. Адсутнасць кансалідацыі і адзінага кандыдата, безумоўна, у першую чаргу паўплывалі на рашэнне Някляева”, – адзначае Мілінкевіч:

– Я добра разумею рашэнне Някляева, хоць хацеў бы, каб ён застаўся ў палітыцы. Разумею, бо мы абодва цвёрда стаялі на тым, каб быў кангрэс і вылучэнне адзінага. Ён казаў, што адзіны – гэта, канешне, не вырашэнне ўсіх праблем, але гэта самы важны і эфектыўны інструмент дзеля таго, каб мабілізаваць беларускае грамадства, кансалідаваць апазіцыю. І тут у нас погляды былі абсалютна аднолькавыя. І калі гэта не атрымалася, то, сапраўды, для яго гэта было вырашальным момантам.

Лідар грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду!”, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў напярэдадні заявіў пра выхад з апазіцыйных структур.

„Двухгадовыя перамовы беларускай апазіцыі па вылучэнні адзінага кандыдата завяршыліся безвынікова. У сувязі з гэтым заяўляю пра свой выхад з апазіцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду!”, – гаворыцца ў заяве Някляева.

Беларускае Радыё Рацыя