Станіслаў Шушкевіч: Па расейскім праекце АЭС няма ніякіх гарантый
Вядомы навуковец, колішні спікер Вярхоўнага Савета прафесар Станіслаў Шушкевіч лічыць ядзерную энергетыку адзіным шанцам Беларусі мець магутную прамысловасць.
У інтэрв’ю «Радыё Рацыя» ён пацвердзіў, што застаецца прыхільнікам атамнай электрастанцыі.
– У нас нешта каля чатырох тысяч кілават-гадзін на душу насельніцтва спажывання электраэнергіі. У Нарвегіі – 21 тысяча, у Германіі – 7-8 тысяч. Адзін гэты паказчык гаворыць, што калі мы хочам мець сучасную высокатэхналагічную прамысловасць, мы павінны мець многа электраэнергіі. Іншай крыніцы, чым ядзернае паліва, не знайсці. Я прыхільнік ядзернай энергетыкі.
Аднак пры пабудове АЭС неабходна дбаць і пра бяспеку аб’екта. А расейцы, па чыім праекце будуецца станцыя, так і не прадаставілі ніякіх гарантый яе надзейнасці, што выклікае сур’ёзныя пытанні да станцыі ў Астраўцы.
– Калі выпрацоўваецца электраэнергія, яе лёгка перакінуць з аднаго месца ў другое. У нас нядрэнная сетка. Але трэба ставіць станцыю высокай надзейнасці. Такога пацверджання па расейскай станцыі няма. Ёсць пэўная рызыка. Я думаю, што сапраўдныя беларускія навукоўцы ў стане гэта ідэнтыфікаваць. Але ж выбралі Міхалевіча, – я добра яго ведаю, які фактычна стаў прыслужнікам. Відавочна таму і выбралі расейскі варыянт, бо іншы выбраць было немагчыма, бо крэдытуе гэту справу Расея.
Слухайце праграму «Рацыйны мікрафон» са Станіславам Шушкевічам у нядзелю а 18:30 беларускага часу, у Польшчы на гадзіну раней. Паўтор праграмы а 15:10 па беларускім часе ў сераду, у Польшчы на гадзіну раней.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск