Станіслаў Шушкевіч пра выбары ў Польшчы (абноўлена)



Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, каментуючы вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы адзначае, што незалежна ад таго, каго абяруць палякі, гэта будзе дэмакратычны прэзідэнт, бо будзе абраны на справядлівых выбарах.

– Мне вельмі падабаецца сучасны прэзідэнт Польшчы, але мне вельмі прыемна бачыць, што ў Польшчы сапраўды дэмакратычныя выбары. Сапраўды справядлівы падлік галасоў. Мы можам пра гэта толькі марыць. І ўсё, больш нічога. У мяне ёсць свае прыхільнасці, але нязручна мне іх выказваць. 

Анджэй Дуда – кандыдат ад партыі «Права і Справядлівасць», які ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў перамог дзейнага прэзідэнта Браніслава Камароўскага, 24 траўня паспрабуе зрабіць гэта яшчэ раз, ужо падчас галасавання ў другім туры.

«Палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі не зменіцца пасля прэзідэнцкіх выбараў. Новы прэзідэнт Польшчы будзе падтрымліваць ранейшую стратэгію ў адносінах з Беларуссю», – выказвае ўпэўненасць экс-старшыня Вярхоўнай Рады Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

– Я не бачу ніякай праблемы для Беларусі, для беларусаў, таму што я сустракаўся і з “правымі” і з “левымі”, і што да знешняй палітыкі, – яны фактычна аднолькава яе праводзяць. Я цешуся, што мы бачым справядлівыя выбары. І мы зайздросцім ім, што яны маюць на гэта права. 

Па падліках вынікаў галасавання на выбарчых вучастках у Беларусі Браніслаў Камароўскі апярэдзіў Анджэя Дуду – з 211 прагаласаваўшых – 96 чалавек аддалі голас за дзейнага прэзідэнта Польшчы і 74 за кандыдата ад партыі «Закон і справядлівасць». Другі тур галасавання пройдзе 24-га траўня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя