Станіслаў Шушкевіч: Парад – гэта марнаванне сродкаў



Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаў сваё стаўленне да шыкоўных парадаў.

Апошні парад 3 ліпеня беларускі кіраўнік пахваліў, а ў сацыяльных сетках да гэтага часу працягваецца абмеркаванне таго, ці патрэбны быў такі дарагі фэст і лязганне зброяй за бюджэтныя грошы.

Станіслаў Шушкевіч: Я лічу, што гэтыя парады нам абсалютна не патрэбны. Гэта проста марнаванне сродкаў. Ніякага патрыятычнага руху тут няма. Запрашаць на парад расейцаў і кітайцаў – гэта наогул у маю галаву не ўкладаецца. Нейкі тэатр абсурда. Парад – гэта забава аўтарытарных дзеячаў, не больш за тое. Былі ў свой час і расейскія імператары, якія таксама цешыліся рознымі сваімі палкамі. Наша краіна таксама зараз перажывае гэты этап, таму што ўлады думаюць, што паказваюць людзям нешта новае. А насамрэч яны паказваюць даўно пройдзеныя этапы гісторыі. Таму, калі няма куды дзяржаўныя сродкі ўкладваць, няхай весяляцца і далей.

РР: А людзей такія мерапрыемствы не яднаюць?

Станіслаў Шушкевіч: Як можа адбывацца яднанне з-пад палкі? Пры Саюзе таксама зганялі на парады прымусова, людзі смяяліся з гэтых шэсцяў. Больш за тое, зараз такія мерапрыемствы нават раз’ядноўваюць людзей, бо пачынаюцца спрэчкі прыхільнікаў парадаў і тых, хто супраць. Навошта гэта дзяржаве? Увогуле, сёння я бачу вялікі кантраст паміж кланам чыноўнікам і простым людам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя