Станіслаў Шушкевіч: польскі ўрад паводзіць сябе беспрынцыпна



Наладжванне міжпарламентарных стасункаў з Беларуссю – гэта беспрынцыпна. Так Станіслаў Шушкевіч каментуе сучасную польскую палітыку ў дачыненні да Беларусі.

Роўна 25 гадоў таму былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. Адпаведнае пагадненне ў 1992 годзе ў Варшаве падпісалі кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў дзвух краін – Пётр Краўчанка і Кшыштаф Скубішэўскі.

Акрамя таго, Польшча стала першай краінай свету, якая ў 1991 годзе прызнала незалежнасць Беларусі.

У вытокаў наладжвання міждзяржаўных адносінаў стаяў экс-старшыня Вярхоўнага савету 12-га склікання – Станіслаў Шушкевіч:

– Былі ў нашых стасунках, так бы мовіць, “прылівы і адлівы”. Добра, што гэтыя адносіны ёсць, і што ёсць абмен думкамі. Хоць на маю думку, беларускі бок не заўсёды карэктна пастапаў у дачыненні да польскай амбасады ў Менска. Палякі яшчэ з савецкіх часоў мелі будынак у цэнтры Менска, які ў іх адабралі і спынілі арэнду. Пра польскі бок узгадваю, што былі цудоўныя амбасадары, напрыклад, першы амбасадар Эльжбета Смулкова, якая ведала беларускую мову. Тады былі цудоўныя часы.

Палітык пры гэтым крытыкуе сучасную польскую палітыку ў дачыненні да Беларусі:

Польшча дакладна разумее, што ў нас адбываецца, і я думаў, што пераход улады да больш правых сілаў станоўча адаб’ецца на нашых адносінах. Але я сёння бачу, што польскі ўрад паступае беспрынцыпна, бо наладжванне стасункаў міжпарламентарных – гэта проста абраза беларускага боку. У Беларусі няма парламенту, няма абраных, ёсць прызначэнцы, і прымаць іх на парламентарных узноўні – гэта недапушчальна.

Таксама Станіслава Шушкевіча непакоіць сітуацыя, якая склалася вакол праграмы Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, і вакол незалежнага тэлеканала “Белсат”:

Нападкі на “Белсат” і пагрозы таго, што гэта  ўвогуле можа быць расейскамоўнае вяшчанне, не павінны былі б зыходзіць з Польшчы, якая столькі нацярпелася ад масковіі, што магла б іначай ставіцца да Беларусі. Мяне вельмі непакояць гэтыя адносіны, але паўплываць на іх я, на жаль, не магу.

Менавіта Станіслаў Шушкевіч 23 чэрвеня 1992 года ў Варшаве падпісваў супольна з Лехам Валенсам Дамову аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Польшчай.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя