Станіслаў Шушкевіч: Расея думае, што імперыі без Украіны быць не можа



Беларускія палітыкі працягваюць абмяркоўваць сустрэчу, якая плануецца прайсці 26 жніўня ў Менску ў фармаце “Краіны-прадстаўнікі Мытнага саюза-Украіна-Еўразвяз”. Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што “гэты саміт вайну не спыніць”.

Stanislav-Stanislavovich-Shushkevich

Станіслаў Шушкевіч: Маё меркаванне такое: Крэмль не пойдзе на спыненне ваенных дзеянняў, бо ў яго няма іншага шляху. А прэзідэнт Украіны Парашэнка не пагадзіцца ні на якія іншыя ўмовы. Калі Еўропа выпрацуе нейкую прынцыповую (і ўплывовую) пазіцыю, то надзея на вырашэнне канфлікта яшчэ ёсць. Сёння Пуціна падтрымліваюць расейцы, якія хочуць жыць лепш. Расейскія ўлады, натуральна, гэтага ім даць не могуць, але пэўная перамога іх мабілізуе. Таму хацелася б памыліцца, але не прадбачу нейкіх пазітыўных вынікаў ад Менскага саміта.

РР: Адкуль у простых расейцаў (ды і ў многіх беларусаў, якія слухаюць москоўскую прапаганду) столькі крыважэрнасці ў дачыненні да ўкраінскага народу?

Станіслаў Шушкевіч: Пытанне вельмі складанае, але відавочна, што сёння можна прачысціць мазгі праз СМІ ледзь не кожнаму. На што б’е расейская прапаганда? Што ва Украіне дрэнна ставіліся да рускамоўнага насельніцтва, што там пануе ўкраінскі нацыяналізм. І я хачу сказаць, што памылкі былі і ў украінскіх патрыётаў, якія ўслаўлялі пэўныя дзеянні Бандэры. Бандэра быў патрыётам, але ж давайце скажам праўду – ён рабіў нечалавечыя захады, каб перамагчы, і яго рукі ў крыві, якой магло не быць. Таму прапаганда вельмі лёгка выкарыстала сітуацыю так, каб насельніцтва хацела ратаваць рускіх. Ва ўкраінскіх патрыётаў хапіла мужнасці, але не хапіла мудрасці. Можа быць, Парашэнка выправіць гэтыя хібы.

РР: Ваш прагноз на сітуацыю ва Украіне?

Станіслаў Шушкевіч: Паўтаруся, калі Крэмль адступіцца ад таго, што пачаў, ён страціць вагу і ўнутры краіны, і ў свеце, а таму, баюся, вайна працягнецца. Расея думае, напэўна, што імперыі без Украіны быць не можа. У палітыкаў няма пачуцця сораму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bnp.by