Станіслаў Шушкевіч: Самі не заўважаць, як здадуць незалежнасць



Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаў свае перасцярогі з нагоды “паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расеі.

Нагадаем, што 8 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плануюць падпісаць праграму і пакет дарожных мапаў, а таксама шэраг пагадненняў па інтэграцыі.

Станіслаў Шушкевіч: Не ведаю, што канкрэтна падпішуць 8 снежня, але відавочна, што Расея, бы той пітон, будзе паглынаць Беларусь паступова. Добра, калі я памылюся, але складваецца так. Краіна па вушы ў даўгах, замест рэформаў у эканоміцы прызвычаілася да танных расейскіх энергарэсурсаў.

Беларускія ўлады вырашылі, што так будзе працягвацца бясконца. Не будзе. Моркву далі пагрызці, а зараз яе схавалі і будуць патрабаваць тое, што неабходна ў першую чаргу Крамлю. Таму мой прагноз: Беларусь будуць здаваць пакрысе. Самі не заўважаць, як здадуць незалежнасць.

РР: Але нашы высокія чыноўнікі гарантуюць, што пра страту незалежнасці нават і размова не ідзе.

Станіслаў Шушкевіч: Вы верыце словам нашых чыноўнікаў? Зманяць і не пачырванеюць. І ў чым тады неабходнасць інтэграцыі для Масквы, як не палітычнае падпарадкаванне? Расея хоча ўмацоўваць імперыю і хоча з’есці Беларусь, так як хоча яна з’есці і Украіну.

Праўда, ва Украіне расейскае кіраўніцтва наогул вядзе сябе нахабна, а ў сітуацыі з Беларуссю дзейнічае некалькі іншымі метадамі.

І куды ў такой сітуацыі падзецца беларускаму кіраўніцтву, калі яно хоча заставацца пры ўладзе? Трэба падпарадкоўвацца спонсару.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя