Станіслаў Шушкевіч: Саюз струхнеў, таму і разваліўся
Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў, чаму фінансавы фактар быў не галоўнай нагодай для развала Савецкага Саюза.
Днямі міністр фінансаў Расеі Антон Мілуанаў заявіў, што Савецкі Саюз разваліўся з-за няправільнай фінансавай палітыкі ў гады перабудовы, а не з-за знешніх эканамічных абмежаванняў.
“СССР разваліўся тады, калі асноўныя эканамічныя бар’еры і санкцыі пачалі адмяняцца, — у перыяд перабудовы, – паведаміў Сілуанаў mk.ru. – Разваліўся не праз санкцыі. Савецкі Саюз разваліўся па прычыне безадказнай эканамічнай і фінансавай палітыкі, якая праводзілася ў апошнія гады яго існавання».
Станіслаў Шушкевіч: Заява расейскага міністра фінансаў – гэта глупства! Саюз разваліўся з-за таго, што струхнеў, і для яго развалу на той момант усё саспела. Струхнела палітычная сістэма. З гэтай нагоды шмат жа ёсць навуковых працаў, аналітычных матэрыялаў.
А фінансавая палітыка – гэта толькі адзін з фрагментаў, які паскорыў развал. Бо цэнаўтварэнне і эканамічная сістэма, якія тады былы, паказвалі сваю няжыццездольнасць. Яны трымаліся на жорсткіх прымусовых партыйных прынцыпах.
РР: А што, на ваш погляд, найперш паспрыяла развалу СССР?
Станіслаў Шушкевіч: Гэтая савецка-партыйная сістэма сама па сабе ішла да канца, але працэс вельмі паскорыла трагедыя на Чарнобылі і тое, як партыйная наменклатура спрабавала схаваць жудасныя вынікі трагедыі ад людзей. Высвятлілася нягегласць усяго гэтага партыйнага ансамбля і яго хлуслівасць. Сорамна ўспамінаць, што казаў Міхаіл Гарбачоў, выступаючы ў траўні 1986 года.
Але, як ужо казаў, Саюз разваліўся б у любым выпадку. Падчас перабудовы пайшла некаторая лібералізацыя, і гэта таксама паскорыла яго смерць. Чаму Сталін так доўга трымаўся ва ўладзе? Праз рэпрэсіі, страх, расстрэлы ўлада ўмацоўвала сябе, а не краіну і дабрабыт людзей. А ў 90-я гады час быў ужо іншы. І ўсе структуры, якія ўмацоўваюць найперш сябе, рана ці позна, але разваляцца. На жаль, некаторые трымаюцца ва ўладзе досыць доўга.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя