Станіслаў Шушкевіч: Трэба даць дарогу маладым



Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пакінуў пасаду кіраўніка апазіцыйнай партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”. 

Па яго словах, такое рашэнне было прынятае, каб даць дарогу маладым, якія актыўна папаўняюць партыю.  Сыходзячы з пасады, Станіслаў Шушкевіч параіў моладзі  паляпшаць веданне беларускай мовы, бо менавіта на ёй вядзе сваю справаздачнасць БСДГ «Грамада».

– Гэтую пасаду трэба было ўжо даўно пакінуць. Але гэта было даволі цяжка зрабіць. Хоць да мяне добра ставіліся нашы партыйцы. І тут я ў рэшце рэшт растлумачыў, што трэба, каб у нас уліваліся маладыя сілы. Я прыхільнік таго, каб маладыя людзі, – крышку ж можна і падказаць, і параіць, узялі ў свае рукі ўсе арганізацыйныя справы па партыі. Ну, а што да ідэалагічных пытанняў, будзем працаваць сумесна, разам.

На пасаду старшыні партыі быў абраны 33-гадовы Сяргей Черачэнь. Станіслаў Шушкевіч не стаў выключаць, што новы кіраўнік БСДГ зможа вылучацца ў якасці кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

– Я яго ўжо даволі даўно ведаю. Ведаю, што ён разумее, што ў нас цяпер адбываецца. І мне здаецца, што ён нядрэнна займаецца бізнесам. Гэта будзе спрыяць таму, каб партыя крыху ажывілася. І што да мяне, мне здаецца, што гэта мэтазгодна.

83-гадовы Станіслаў Шушкевіч не сыходзіць з палітыкі і будзе далей працаваць на карысць сваёй партыі. У 1991-1994 гадах Станіслаў Шушкевіч узначальваў Вярхоўны Савет Беларусі. 8 снежня 1991 года ён з беларускага боку падпісаў у Белавежскай пушчы пагадненне аб ліквідацыі СССР і стварэнні СНД.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайта bsdg.by