Станіслаў Шушкевіч: Украіне неабходная сучасная зброя
Пасля мірных Менскіх пагадненняў інтэнсіўнасць баёў у зоне АТА знізілася, але праціўнік па-ранейшаму ажыццяўляе ўзброеныя правакацыі.
„За мінулыя суткі інтэнсіўнасць баявых дзеянняў у зоне АТА знізілася. Так, за перыяд з 22.00 21 лютага да 7.00 22 лютага не зафіксаваны ні адзін варожы абстрэл”, – паведаміў спікер АТА Андрэй Лысенка на брыфінгу ў нядзелю ў Кіеве.
У той жа час, паводле яго словаў, баевікі працягваюць узброеныя правакацыі, у тым ліку з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі. Гэтак званае мірнае пагадненне не спыніць расейскай агрэсіі.
„Украіне неабходная ваенная дапамога ў выглядзе сучаснай зброі”, – лічыць першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:
– Украіна цяпер нагадвае такое патрыятычнае племя, якое атручанымі стрэламі змагаецца з сучаснымі, рэактыўнымі знішчальнікамі – вось у чым бяда. Ваенная дапамога можа быць толькі ўзбраеннем, або ўкраінцы самі будуць бараніць сваю незалежнасць. Нельга бараніць тымі прымітыўнымі сродкамі, якія ёсць на ўзбраенні ўкраінскай арміі. Калі ім не дапамогуць сучаснымі сродкамі ў супрацьстаянні, то баюся, што дыпламатычных намаганняў будзе мала.
Як паведаміў Андрэй Лысенка, усяго за суботу баевікі ажыццявілі 44 агнявых удары па апорных пунктах украінскіх сілавікоў. На Данецкім кірунку ўкраінскія пазіцыі паблізу паселішчаў Пескі, Вопытнае, Вадзяное былі абстраляныя з выкарыстаннем рэактыўных сістэм залпавага агню, артылерыі, мінамётаў.
На Марыупальскім кірунку баевікі з танкаў, мінамётаў і стралковай зброі 4 разы абстралялі ўкраінскія пазіцыі.
Беларускае Радыё Рацыя