Станіслаў Шушкевіч: Вінавачу сябе, што не зрабіў больш



Станіслаў Шушкевіч не сочыць за парламенцкімі выбарамі. Першы кіраўнік Беларусі чарговы раз папракнуў беларускую апазіцыю за тое, што яна не здольная аб’яднацца.

Станіслаў Шушкевіч

У Беларусі ёсць асоба, за якой беларускай апазіцыі варта ісці. Але так не атрымалася – кажа Станіслаў Шушкевіч.

– Спадзяваўся, што ў нас будзе агульнабеларускі сцяг, і мы аб’яднаемся. І былі падставы для такога аб’яднання. Я не буду называць прозвішчы. У нас гераічны ўчынак зрабіў адзін чалавек – ён вытрымаў турму, пакуты. Калі яго вымушаны былі выпусціць, я быў перакананы, што мы з яго зробім сцяг. На вялікі жаль, мае калегі па апазіцыі не пайшлі па гэтым шляху. Нешта ў нас працуюць уласныя амбіцыі, а не агульнапалітычныя ды агульначалавечыя. Таму зараз я магу абсалютна не сачыць за гэтай кампаніяй, гэта пустая справа, бо ніякіх выбараў у нас не было і не будзе, хаця б па той прычыне, што з 30-ці сур’ёзных заўваг, якія афіцыйна зрабіў Захад, улічана толькі адна дробненькая. Таму ніякіх зменаў чакаць не трэба. Больш за тое, калі б у гэтую “палатку” абралі дэмакратычную большасць, то яна ніякай вагі не мела б,  таму што ў заканадаўчым сэнсе, у сэнсе выканаўчай улады больш улады мае прэзідэнт, згодна з нашай так званай Канстытуцыяй. Тыя папраўкі, якія былі ўнесены ў яе, хоць яна называецца Канстытуцыяй 1994 года, абсалютна яе прыкончылі. Яе няма. І гэта не толькі мая думка.

РР: У сучаснай беларускай апазіцыі ёсць аўтарытэты?

Станіслаў Шушкевіч: У нас ёсць людзі, якія рвуцца ў аўтарытэты і, прабачце, я ізноў не назаву прозвішчы, яны ўмеюць здабываць сродкі. І яны, мне здаецца, перашкаджаюць іншым людзьмі звацца. Шмат гадоў можна быць ў апазіцыі і заставацца так званым маладым палітыкам і нічога людскага ў жыцці не зрабіць. Вельмі вострая праблема абумоўлена тым, што фактычна каб зараз дэмакратычныя сілы маглі ўзяць у рукі ўладу, то з сённяшніх дзеячаў апазіцыі вельмі цяжка назваць дзясятак асоб, якія маглі б працаваць у сферы кіраўніцтва дзяржавай. Параўнальных па кваліфікацыі з Саннікавым, з Пазняком у нас няма. Яны не працуюць з людзьмі. Яны сталі “прафесійнымі рэвалюцыянерамі” не засвоіўшы навыкаў звычайнага кіраўніцтва групай, кафедрай, універсітэтам, цэхам ці заводам. Няма такіх людзей у апазіцыі. Дакладней, яны ёсць, але іх адзінкі, а трэба, каб іх былі сотні.

РР: Ці беларусы хочуць гэтых пераменаў? Бо вельмі часта гучыць ад людзей аргумент – добра, але невядома што будзе далей.

Станіслаў Шушкевіч: Гэта навязана прапагандай, маўляў, зараз лепей, чым было пасля вайны. Людзі фактычна робяцца быдлам, таму што гэта гебельсаўскі падыход. Ментальнасць беларусаў падтрымліваецца дзяржаўнай расейскай і беларускай прапагандай: „у нас не вельмі добра, але калі будуць іншыя, то будзе яшчэ горш”. Але павінен быць іншы палітычны лад, бо калі няма лібералізацыі эканомікі, калі няма абрання ўлады, то прыстойнага развіцця падзей не можа быць.

РР: Вы для беларусаў асацыюецеся з пераменамі, з пераломам. Ці страшна было ў тыя гады ўсё распачынаць?

Станіслаў Шушкевіч: Мне ніколі не было страшна нешта пачынаць. Я магу толькі сябе вінаваціць і сароміць за тое, што калі распачыналі такія людзі, як расейскія дысідэнты і такія дзеячы на Захадзе, як Гавэл, Рымашэўскі, Валэнса ды іншыя, у мяне была вельмі цікавая работа па маёй спецыяльнасці – па фізіцы. І я, на вялікі жаль, не прыклаў тады руку да палітычных спраў. Я разумеў што дрэнна, але я маўчаў. Таму я мог спакойна займацца фізікай і таго сяго ў ёй дасягнуў.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя