Станіслаў Шушкевіч: Як бы не галасавалі – пераможа Лукашэнка
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі прадставілі ў Менску праект закона „Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс», які накіраваны на забеспячэнне сумленных і справядлівых выбараў у Беларусі. Экс-старшыня Вярхоўнай Рады Беларусі Станіслаў Шушкевіч ў перадачы „Госць Рацыі” адзначыў, што гэтыя прапановы агучаны вельмі позна, а таксама пракаментаваў хаду прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
РР: Прадстаўнікі дэмакратычных сіл прадставілі ў Менску праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс. З іх слоў, ён накіраваны на забеспячэнне сумленых і справядлівых выбараў.
Станіслаў Шушкевіч: Уносіць нейкія карэктывы ў выбарчае заканадаўства цяпер ужо немагчыма. Не пра гэта трэба думаць. Адпрацаваная рэжымам фальсіфікацыя. У адрозненне ад сталінскіх часоў, там не трэба было нічога фальсіфікаваць, бо не было за каго галасаваць – адна кандыдатура была. А цяпер некалькі кандыдатур, але не важана як галасуюць, важна – як лічаць. Вось гэта сталінскае. Дзе ж вы бачылі – у 1996 годзе апошнія прызнаныя цывілізаванымі краінамі выбары былі ў Беларусі! А пасля прыйшла гэта неакамуністычная хеўра. Яна практычна ва ўсіх рэспубліках, акрамя Прыбалтыйскіх рэспублік, можа, крыху акрамя Малдовы і Украіны. І яна пануе. А ў нас гэта робіцца ў самым яскравым выглядзе, і як бы не галасавалі – пераможа Лукашэнка. За яго хоць аддадуць 3%, то 93% будзе зафіксавана ва ўсіх пратаколах, і ўсе падпішуць, бо страцяць працу тыя, хто паступяць інакш. Можна прапаноўваць змены, але позна. Цяпер, згодна з заканадаўствам, немагчыма ўнесці змены.
РР: Вы ўзгадалі пра фальсіфікацыі. Яны якраз робяцца падчас датэрміновага галасавання. І другі пункт прапановаў датычыць абмежавання гэтага датэрміновага галасавання.
Станіслаў Шушкевіч: Толькі ў нас у краіне ўзнікае пытанне, што фальсіфікуецца галасаванне. Ну, можа яшчэ ў афрыканскіх дзікуноў якіх. Гэта зручна той хеўры, якая фактычна пануе ў Беларусі. Дзе ж вы бачылі, каб прэзідэнт выступіў і сказаў, што ён гатовы прымяніць зброю супраць тых, хто будзе збірацца на мітынгі. А як Ціханоўскага пасадзілі. Ён браў у мяне інтэрв’ю. Гэта прыстойны чалавек. Учыніць такую правакацыю супраць такога моцнага блогера толькі ў Беларусі можна, больш нідзе.
РР: Таксама дэмакратычныя актывісты лічаць, што трэба надзяліць правам ажыццяўляць відэазапісы і фатаграфаваць падлік галасоў. Наколькі гэта магло б паўплываць на празрыстасць выбараў?
Станіслаў Шушкевіч: Я думаю, што магло б паўплываць, але гэта не будзе зроблена. Ярмошына – яна злачынца. У свой час яна была прызначана незаконна. І тое, што загінуў Ганчар, – гэта ў значнай ступені яе віна, калі разабрацца па-сутнасці. З кім мы маем справу? Са злачынцамі. І галоўны злачынец на чале дзяржавы сёння ў нас.
РР: Многія называюць галоўным супернікам Лукашэнкі Віктара Бабарыку. Як лічыце, магчыма, гэтыя выбары якраз і цікавыя ўдзелам такіх фігураў, як Бабарыка, Цапкала, а не кандыдатаў ад тытульнай апазіцыі?
Станіслаў Шушкевіч: Гэта цікавыя людзі, яны мне падабаюцца і Бабарыка, і Цапкала, якога я добра ведаю. Гэта адукаваныя людзі. Але калі нехта з іх пераможа на 80%, то будзе яму пастаўлена 22%, а астатняе будзе ў Лукашэнкі.
РР: Зараз ідзе збор подпісаў, і калі ўлада карыстаецца адміністрацыйным рэсурсам, то якія шанцы сабраць 100 тыс. галасоў у іншых прэтэндэнтаў?
Станіслаў Шушкевіч: Я думаю, што сабраць подпісы можна. Але ж будуць правакацыі. Гэта ўсё адпрацавана дэталёва. І тую правакацыю, якую зрабілі з Ціханоўскім у Гародні, гэта магчыма зрабіць толькі ў бандыцкай краіне пад кіраўніцтвам бандыцкага двоечніка. Такі ён і ёсць – неадукаваны. У нас прэзідэнт вінаваты ў тым, што ў нас многа людзей памерла з-за яго памылак, з-за яго несвядомасці. Што тут пра выбары гаварыць?
РР: Пандэмія каронавіруса як паўплывала на выбарчую кампанію? Некаторыя лічаць, што яна паўплывала на карысць дзеючай уладзе, іншыя, што Лукашэнка страціў рэйтынг і атрымаў прыкрую мянушку “Саша 3%”.
Станіслаў Шушкевіч: Мянушку можна атрымаць і страціць рэйтынг можна, але фальсіфікацыя адпрацаваная, і спецслужбы замест таго, каб займацца дзяржаўнай бяспекай, займаюцца палітычным вышукам і фальсіфікацыяй выбараў. Без удзелу КДБ гэтая фальсіфікацыя немагчымая. Усюды ёсць іх прадстаўнікі, альбо людзі, якія амаль іх прадстаўнікі. Няма падліку галасоў.
Прэзідэнцкія выбары, нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што грамадзянам Беларусі ніхто не замінае выказваць сваю пазіцыю, праходзяць пад знакам масавых рэпрэсій. 31 траўня ў Менску ды іншых гарадах Беларусі прайшлі затрыманні актывістаў, якія збіралі подпісы за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Найбольшы пераслед скіраваны на ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай – яе мужу Сяргею ды іншым актывістам прад’яўлены крымінальныя абвінавачваннні. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі запланаваныя на 9 жніўня.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя