Станіслаў Шушкевіч: Яны пойдуць на любыя рэпрэсіі…



Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаўся пра тое, як у Беларусі пачалася прэзідэнцкая кампанія.

Станіслаў Шушкевіч: Зразумела, што краіна ізноў вяртаецца да рэпрэсій, бо колькі не рабі з воўка авечку, толку з гэтага мала. І вось ужо сілавым структурам фактычна аддаецца загад “навесці парадак” падчас збору подпісаў, хаця збор подпісаў – гэта абсалютна законная працэдура, якая ніякім чынам не парушае парадак у гарадах, дзе праходзяць пікеты.

Відаць, камусьці вельмі муліць вока карцінка, калі людзі стаяць у кіламетровых чэргах, каб толькі паставіць свой подпіс не столькі за альтэрнатыўнага кандыдата, колькі супраць “усенародна абранага”.

Пры гэтым вярхоўная ўлада дазваляе сабе рабіць непрыстойныя і беспадастаўныя заявы ў бок альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. Многія беларусы проста абураны гэтым.

РР: Кіраўнік Беларусі перасцерагае ад “майдана” ў Беларусі. Такі варыянт не выключаецца?

Станіслаў Шушкевіч: Я хачу сказаць не пра “майдан”, а пра тое, што людзі павінны мець права выказаць тое, што яны думаюць пра ўладу. Калі я быў старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі, народ прыходзіў на цэнтральную плошчу і выказваўся. І гэта пэўным чынам уздзейнічала на тыя рашэнні, якія прымаў урад і Вярхоўны Савет.

А цяперашняя ўлада ізалявалася ад людзей і баіцца іх. Жывуць у сваім свеце і трымаюцца за ўладу рукамі і зубамі.

РР: Улады могуць пайсці ў гэтым годзе на жорсткі сцэнар супраць сваіх апанентаў?

Станіслаў Шушкевіч: Яны пойдуць на любыя рэпрэсіі, каб толькі захаваць уладу. Тым больш, ёсць прыклады некаторых іншых краін былога Саюза, дзе дэмакратыю разумеюць па-свойму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя