Станіслаў Шушкевіч закрывае сваю партыю



Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч распавёў, што “сілы і магчымасці ўжо не тыя, каб кіраваць яшчэ і партыяй”.

Станіслаў Шушкевіч: Па-першае, з гадамі я не маладзею, а таму сілы ўжо не тыя, каб кіраваць яшчэ і партыяй. Па-другое, галоўныя партыйныя выдаткі ўскладаліся на плечы некалькіх людзей (у тым ліку, і мяне), бо трэба плаціць дастаткова вялікія па нашых памерах грошы, каб партыя існавала. Трэба ўтрымліваць сем памяшканняў, а гэта ўсё на камерцыйнай падставе. Мы здымалі плошчы, як бізнесоўцы, і за кожнае памяшканне трэба плаціць 120-130 даляраў у месяц. І абрыдла нам гэта, бо маглі б збірацца і на кватэрах, як гэта было раней. Таму мы не ў стане больш плаціць, і проста адмовіліся ад дамоваў арэнды памяшканняў. Няхай Мінюст закрывае нашу партыю, будзем існаваць як аргкамітэт па адраджэнні арганізацыі. Усё роўна мы не робім сваю працу як нармальная палітычная партыя ў нармальнай дзяржаве. Дык навошта за гэта яшчэ і плаціць?

РР: Колькі сябраў у вашай партыі?

Станіслаў Шушкевіч: Па камп’ютарным спісе сябраў шмат – каля 3600 чалавек. Ва ўсіх ёсць заявы, нават моладзь уступала апошнім часам… Але давайце будзем рэальна казаць, колькі ў нас актывістаў. А іх усяго каля 100-150 чалавек на ўсю Беларусь.

РР: Можа варта было і раней спыніць дзейнасць партыі?

Станіслаў Шушкевіч: Раней у мяне былі публічныя лекцыі, былі добрыя заробкі. Таму маглі дазволіць сабе аплочваць выдаткі і працаваць на легальным полі. А цяпер сітуацыя змянілася, у гэтым годзе я чытаў вялікую лекцыю толькі ў Венскім універсітэце… І я сказаў так: “Няхай моладзь бярэ кіраўніцтва партыяй на сябе”. Але ж ніхто не бярэ. Таму ў бліжэйшыя месяцы Мінюст можа спыніць дзейнасць арганізацыі. Мы на гэта пайшлі сумленна і трэба сказаць шчыра: “Не цягнем…”

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя