Станіслаў Шушкевіч: З’езд пройдзе ў бліжэйшыя дні



Экс-старшыня Вярхоўнага Савета і дзеючы кіраўнік партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада” Станіслаў Шушкевіч распавёў, калі ў арганізацыі з’явіцца новы старшыня.

Нагадаем, што на пачатку верасня адбылося пасяджэнне VII з’езду БСДГ, на якім планавалася абраць новага старшыню партыі, бо Станіслаў Станіслававіч вырашыў пакінуць гэтую пасаду. Аднак, улічваючы, што Шушкевіч быў у гэты час у шпіталі, абранне кіраўніка перанеслі на больш позні тэрмін.

Станіслаў Шушкевіч: Я ўжо выйшаў са шпіталя, але дакладна не ведаю, калі адбудуцца перавыбары. Мяркую, гэта будзе вельмі хутка, можа быць, ужо ў наступныя выхадныя. У працоўны дзень усіх сабраць практычна немагчыма, бо ўсе занятыя.

РР: Якія, на ваш погляд, у партыі перспектывы?

Станіслаў Шушкевіч: А ў якой партыі зараз добрыя перспектывы? У партыях ёсць ініцыятыўныя людзі, але ж для партыйнай дзейнасці ў краіне няма абсалютна ніякіх умоў. Я думаю, што дастукаецца беларускі рэжым да таго, што партыі наогул могуць знікнуць.

РР: Можа ў такіх умовах няма сэнсу ў існаванні апазіцыйных партый?

Станіслаў Шушкевіч: Ёсць сэнс, бо невядома, хто будзе кіраваць краінай заўтра. Лукашэнка ж не вечны. І, магчыма, калі ў Беларусі пачнуць нармальна працаваць дэмакратычныя інструменты, калі здарыцца такі цуд, што пройдуць празрыстыя выбары, то партыі якраз і спатрэбяцца. Без іх будзе вельмі складана вылучацца кандыдатам у прэзідэнты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя