Старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле – 85 (абноўлена)



11 красавіка старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонцы Сурвіле спаўняецца 85 гадоў.

РР: У Жывым эфіры „Беларускага Радыё Рацыя” мы перадаём Вам ад Беласточчыны, ад Гарадзеншчыны, ад Берасцейшчыны найлепшыя пажаданні здароўя!

Івонка Сурвіла: Велізарны дзякуй вам! Вельмі расчуленая, што столькі сяброў памятаюць гэтую дату маю. Гэта напаўняе сэрца радасцю. Мае сябры сёння такія цудоўныя рэчы мне кажуць, што аж плакаць хочацца ад радасці.  Такія цудоўныя словы падтрымкі і любові. Так што я хачу скарыстацца нагодай, каб усім падзякаваць за гэта. І гэта дапамагло мне забыцца, што гэты год не быў для мяне заўсёды добрым. Страціла маю дзяўчынку – Паўлінку, але сапраўды гэтая прыязнь і падтрымка людзей вельмі-вельмі дапамагаюць у жыцці.

РР: Вы ўсё жыццё жывяце ў сэрцы з Беларуссю і сочыце за падзеямі, якія ў нас адбываюцца.

Івонка Сурвіла: Безумоўна, кожны дзень ад раніцы да вечара. І я так ганаруся нашым народам. Такія цудоўныя людзі, цывілізаваныя, прыгожыя, выхаваныя як ніхто ў свеце. Я вельмі-вельмі ўдзячная лёсу, што ён мне дазволіў нарадзіцца ў Беларусі!

РР: Як Вам здаецца, беларусы зараз змяніліся, ці яны заўсёды былі такімі?

Івонка Сурвіла: Беларусы заўсёды былі такімі, у сэрцы яны заўсёды любілі свой край, сваю зямлю. Бяда, што з’явіліся многія няшчасці для нас у ХХ стагоддзі. Адно з якіх – цяперашняя ўлада. Людзі мусілі неяк перажыць і, магчыма, дзеля гэтага маўчалі. Але прыйшоў час, калі вырашылі, што далей маўчаць немагчыма. Што зашмат здзекуюцца над імі. І выйшлі на вуліцы. І бачыць гэтае мора бел-чырвона-белых сцягоў над Менскам – нельга ўявіць для сябе большага шчасця!

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Івонка Сурвіла нарадзілася ў Стоўпцах, першыя гады жыцця правяла ў Засуллі, потым з бацькамі пераехала ў Баранавічы. Потым былі Усходняя Прусія, Данія, затым — Парыж, Мадрыд, Атава… Івонка Сурвіла вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, скончыла лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўніверсітэта. Рыхтавала беларускія перадачы на іспанскім радыё ў Мадрыдзе, працавала ў Бюро перакладаў пры Федэральным урадзе Канады. Была сузаснавальніцай і старшынёй канадскага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Ад 1997 году Івонка Сурвіла — Старшыня Рады БНР.

«Радыё Свабода» запісала шчырую размову са старшынёй Рады БНР з нагоды яе 85-годдзя, пра тое, чым падобныя яе лёс і лёс Святланы Ціханоўскай, пра страту дачкі, несімвалічную ролю ўраду ў выгнанні, яе жыццё падчас пандэміі і самыя шчаслівыя дні.