Старшыня АГП Казлоў абскардзіў прыгавор суда аб арышце на тры месяцы



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў падаў у Менскі гарадскі суд апеляцыйную скаргу на прыгавор суда Ленінскага раёна Менска арыштаваць яго на тры месяцы па абвінавачанні ў разгалошванні дадзеных папярэдняга следства (арт. 407 Крымінальнага кодэкса).

„Я прайду ўсе інстанцыі аж да міжнародных судоў. Гэта зусім абсурдная справа, і я хачу, каб кожны чалавек, які ўдзельнічае ў гэтым, паставіў свой подпіс”, — заявіў Казлоў БелаПАН.

Суд над лідарам АГП праходзіў у закрытым рэжыме, працэс вяла Таццяна Шоцік. Да ўваходжання прысуду ў сілу Казлоў знаходзіцца на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Пры гэтым, паводле яго слоў, ён не можа наведаць старую маці, якая жыве за межамі сталіцы. „Злачынства, якое мне паставілі ў віну, не ўяўляе асаблівай грамадскай небяспекі, і таму вось гэтая несправядлівасць і дробныя пакасці пераходзяць усе межы, не толькі юрыдычныя, але і чалавечыя”, — сказаў Казлоў.

Паводле звестак Генеральнай пракуратуры, у снежні 2020 года і студзені 2021 года Казлова дапытвалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай Генпракуратурай у дачыненні да Святланы Ціханоўскай і іншых асоб па „факце здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

У пракуратуры адзначылі, што следчы папярэджваў Казлова пра недапушчальнасць выдавання звестак папярэдняга следства і надыходзе за гэта крымінальнай адказнасці. „Аднак абвінавачваны паведаміў прадстаўнікам СМІ і іншым грамадзянам пра сутнасць яго допытаў па абставінах крымінальнай справы, а таксама перадаў іншыя звесткі, якія не падлягаюць разгалошванню”, — падкрэслівалася ў паведамленні.

30 снежня, 5 і 11 студзеня Казлова дапытвалі ў Следчым камітэце ў якасці сведкі ў межах крымінальнай справы па факце стварэння Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Тройчы ён адмаўляўся даваць падпіску пра неразгалошванне. У дачыненні да яго складалі адміністрацыйныя пратаколы, прызначалі арышт на 15 сутак, выклікалі на размовы ў міліцыю. Пасля адной з іх Казлоў правёў трое сутак у ЦІП.

10 сакавіка стала вядома, што ў дачыненні да лідара АГП распачалі крымінальную справу.

belapan.by