Андрэй Бастунец уключаны ў склад савета па інфармацыйных спрэчках
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на пасяджэнні 28 жніўня ў Менску зацвердзіла склад наглядальнага савета па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ.
„Выбарчы перыяд ніколі не абыходзіцца без спрэчак і канфліктаў, якія ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі, — заявіла на пасяджэнні старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Часам нашыя кандыдаты або іх давераныя асобы скардзяцца на тое, што тыя ці іншыя СМІ аддаюць відавочную перавагу каму-небудзь з кандыдатаў, што парушае роўныя правы астатніх на ўдзел у выбарах”.
„Для вырашэння скаргаў патрэбны нейкі экспертны орган, які дапамог бы Цэнтральнай камісіі прыняць рашэнне ў той ці іншы бок, прызнаць, ці ёсць факт парушэння пры вядзенні перадвыбарнай агітацыі ці не. У нас ужо доўгія гады на час усіх выбараў ствараецца наглядальны савет па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ. Мы яго ў прастамоўі называем саветам па інфармацыйных спрэчках”, — дадала яна.
Паводле слоў Ярмошынай, у склад савета ўваходзяць „не толькі прадстаўнікі самых уплывовых СМІ і Міністэрства інфармацыі, але і прадстаўнікі двух журналісцкіх саюзаў — дзяржаўнага і недзяржаўнага”.
Так, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч звярнуўся ў ЦВК з рэкамендацыяй прызначыць кіраўніком савета свайго першага намесніка Паўла Лёгкага. Беларускі саюз журналістаў рэкамендаваў камісіі ўключыць у савет па інфармацыйных спрэчках намесніка старшыні саюза Сяргея Сверкунова, Беларуская асацыяцыя журналістаў — старшыню арганізацыі Андрэя Бастунца.
Таксама ў склад савета, паводле слоў кіраўніка Цэнтрвыбаркама, увайшлі прадстаўнікі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, Белтэлерадыёкампаніі, выдавецкага дома „Беларусь сегодня”, інфармагенцтва Минск-новости.