Старшыня БСДП (Грамада) Барысаў арыштаваны на 15 сутак



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў арыштаваны на 15 сутак за непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, які прыехаў у суд падтрымаць Барысава, назваў рашэнне ашаламляльным нават „для тых людзей, якія ведаюць, як у нас ажыццяўляецца правасуддзе”.

Паводле яго слоў, у якасці сведак на судзе па Skype выступалі два міліцыянеры, іх відаць не было, бо манітор быў павернуты да суддзі.

„Сувязь увесь час перарывалася, дрэнна было чуваць, асабліва Барысава. Мы не чулі, што ён казаў, толькі асобныя словы. Гэта была пародыя на суд”, — заявіў БелаПАН Пастухоў.

Сведкі-міліцыянеры, паводле яго слоў, сцвярджалі, што машына Ігара Барысава была спыненая і ён быў дастаўлены ва УУС Партызанскага раёна для высвятлення асобы, пры гэтым палітык „адмаўляўся выходзіць са службовага аўтамабіля, упіраўся”.

Адвакат Барысава заявіў аб адсутнасці падстаў спыняць машыну, патрабаваць у палітыка пасведчанне асобы, а затым дастаўляць у РУУС, бо ў яго былі правы кіроўцы. У якасці сведкі была дапытаная жонка затрыманага Алена Барысава.

Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызнаў Барысава вінаватым у непадпарадкаванні і арыштаваў на 15 сутак. Адвакат плануе абскардзіць рашэнне.

„У афіцыйную версію аб непадпарадкаванні і адмове выйсці з аўтобуса слаба верыцца, — заявіў БелаПАН намеснік старшыні БСДП Аляксей Сігаеў. — Які сэнс супраціўляцца, калі ты ўжо знаходзішся на тэрыторыі сілавікоў, за калючым дротам?”

Іншае пытанне, дадаў ён, што ўладам „трэба запалохаць беларусаў, а таксама гэта прызнанне таго, што Ігар Барысаў мог ці можа неяк сапсаваць ім карты ў перашкодзе святкаванню 103-й гадавіны абвяшчэння БНР”.

Барысаў быў затрыманы 21 сакавіка. Невядомыя ў цывільным і масках спынілі яго машыну, калі ён з сям’ёй ехаў у краму.

У падтрымку затрыманага выказаліся замежныя палітыкі. „Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня 2020 года не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Ігар Барысаў і іншыя палітыкі павінны быць вызваленыя. Я асуджаю пераследы і арышты мірных дэманстрантаў, за здзяйсненне якіх адказвае рэжым і прадстаўнікі ўлады”, — напісаў у „Фэйсбуку” прэм’ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвен, які сустракаўся з Барысавым у 2017 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя