Старшыня Еўракамісіі абмеркавала міграцыйны крызіс на мяжы ЕЗ і Беларусі з прэзідэнтам ЗША Байдэнам
Міграцыйны крызіс на мяжы Еўразвяза з Беларуссю абмеркавала кіраўнік Еўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам падчас візіту ў Вашынгтон 10 лістапада.
„У мяне была прадуктыўная сустрэча з прэзідэнтам ЗША ў Белым доме. Мы закранулі шэраг пытанняў, у тым ліку сітуацыю на мяжы з Беларуссю. Гэта гібрыдная атака. Не міграцыйны крызіс. Пачынаючы з наступнага тыдня мы хутка пашырым свае санкцыі супраць Беларусі”, — напісала фон дэр Ляен у „Твітэры”.
Дэталі абмеркавання кіраўнік Еўракамісіі раскрыла на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сустрэчы з Байдэнам. Згодна з яе словамі, сітуацыя на мяжы не з’яўляецца праблемай паміж Польшчай, Латвіяй, Літвой і Беларуссю, гэта „выклік усяму Еўрапейскаму звязу”.
„І гэта не міграцыйны крызіс, а спроба аўтарытарнага рэжыму дэстабілізаваць сваіх дэмакратычных суседзяў, — заявіла яна. — Гэта не ўдасца, мы ведаем схемы. Мы прызвычаіліся да падобнага — спробы паўплываць на нашы дэмакратычныя выбары, кібератакі, дэзынфармацыя. Цяпер мы маем гібрыдную атаку з выкарыстаннем мігрантаў на мяжы ЕЗ і Беларусі. І мы павінны абараніць нашы дэмакратыі ад падобнай цынічнай геапалітычнай дэманстрацыі сілы”.
Фон дэр Ляен адзначыла, што яны з Байдэнам „дамовіліся каардынаваць працу з краінамі паходжання [мігрантаў], каб яны клапаціліся пра сваіх грамадзян і тыя не трапілі ў пастку рэжыму Лукашэнкі”. „Мы дамовіліся, што разгледзім магчымасць прымянення санкцый да тых авіякампаній, якія спрыяюць перавозцы людзей па напрамку Мінска, а затым да мяжы ЕЗ і Беларусі, — сказала яна. — Мы дамовіліся працаваць над гэтым. І, нарэшце, важна, каб агенцтвы ААН мелі доступ у Беларусь да мігрантаў у той вельмі і вельмі складанай сітуацыі, у якой знаходзяцца гэтыя ні ў чым не вінаватыя людзі”.
„Мы пашырым свае санкцыі супраць Беларусі. Вельмі хутка, на пачатку наступнага тыдня, санкцыі супраць Беларусі будуць пашыраныя. Наколькі мне вядома, Злучаныя Штаты падрыхтавалі санкцыі, якія набудуць моц у пачатку снежня. Еўрапейскія санкцыі будуць скіраваныя не толькі на фізічных, але і на юрыдычныя асобы. Таму важна, каб рэжым Лукашэнкі разумеў, што яго паводзіны маюць сваю цану”, — заявіла старшыня Еўракамісіі.
„Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з Літвой, Латвіяй і Польшчай. Вельмі важна сумесна выпрацаваць санкцыі супраць Беларусі. Важна размаўляць з краінамі паходжання мігрантаў. Мы працуем над санкцыямі супраць авіякампаній, уцягнутых у кантрабандную дзейнасць у напрамку межы ЕС — Беларусь. І мы ў розных формах падтрымліваем — асабліва Латвію, Літву, Польшчу — напрыклад, з дапамогай Frontex (агенцтва ЕЗ па бяспецы знешніх межаў. — БелаПАН.), электроннага назірання на мяжы”, — адзначыла фон дэр Ляен.
Паводле слоў кіраўніка Еўракамісіі, яна грунтоўна размаўляла з прэм’ер-міністрамі трох краін і спецыяльна цікавілася, ці патрэбная дадатковая дапамога.
8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку — „Брузгі”) была зробленая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, праз загароду з калючага дроту. На ноч мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку.