Старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Гой пагражае жыхарам адказнасцю



Старшыня гарадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой змясціў зварот на афіцыйным сайце выканаўчай улады гораду над Нёманам.

У звароце гаворыцца наступнае:

«Апошнія падзеі паказалі, што мы можам страціць разуменне і згоду ў грамадстве. Наша імкненне да дыялогу, пацверджаньне неабыякавасці да лёсу Гародні і яе жыхароў відавочнае. Падтрымліваючы неад’емнае права на выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, лічым, што яго рэалізацыя павінна адбывацца ў цывілізаваных рамках дзейнага заканадаўства».

Як заявіў Мечыслаў Гой, асобныя ўдзельнікі «пратэставых мерапрыемстваў» заклікаюць да страйкаў. Акрамя таго, апускаюцца да абразаў, запалохванняў і пагрозаў фізічнай расправы педагогам, кіраўнікам прадпрыемстваў, сем’ям супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і проста людзей, якія маюць іншы пункт гледжання.

«Мы просім усіх жыхароў гораду ўзважана і канструктыўна падыходзіць да рэалізацыі свайго права на свабоднае выказванне думкі. Не паддавацца на правакацыі і ананімныя заклікі да супрацьпраўных дзеянняў, здольных нанесці шкоду працоўным правам і законным інтарэсам грамадзянаў», — напісаў кіраўнік Гарадзенскай гарадской вертыкалі.

Звяртаючыся да гараджанаў, ён агучыў шэраг патрабаванняў, а менавіта:

Выконваць закон аб масавых мерапрыемствах;

Адмовіцца ад ціску на сем’і гарадзенцаў, якія выконваюць свой службовы абавязак;

Спыніць распаўсюд праз сацыяльныя сеткі хлуслівую інфармацыю пра цяперашнія падзеі;

Выконваць права на адпачынак гарадзенцаў у цішыні, на грамадскі парадак і бяспеку.

Начальнік гораду заявіў, што ўлады пакідаюць за сабой права прыняць законныя захады да людзей, якія парушаюць гэтыя патрабаванні. фота Grodno.in