Старшыня КДБ: Разглядаецца пытанне аб памілаванні Паўла Шаройкі



Разглядаецца пытанне аб памілаванні грамадзяніна Украіны Паўла Шаройкі, асуджанага ў Беларусі за шпіянаж, паведаміў 5 кастрычніка журналістам у Палаце прадстаўнікоў старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

Паводле яго слоў, вырашаць гэтае пытанне будзе камісія па памілаванні пры прэзідэнце Беларусі.

Адказваючы на пытанне, ці не плануецца абмяняць Шаройку на беларуса Юрыя Палітыку, якога Украіна абвінавачвае ў шпіянажы, Вакульчык сказаў: „У нас з некаторымі спецслужбамі былі факты абмену, калі ў нас былі затрыманыя кадравыя супрацоўнікі замежнай разведкі і з іх боку таксама былі затрыманыя па абвінавачванні ў шпіянажы людзі. Не супрацоўнікі КДБ, але тым не менш. І там ажыццяўляўся абмен. У справе Шаройкі каго мяняць на каго? Юрый Палітыка што, шпіён? Яго абвінавачваюць, але гэта не даказана”.

Вакульчык адзначыў, што па справе Шаройкі ёсць доказы яго шпіёнскай дзейнасці, якія КДБ падаваў СМІ. „Некаторыя СМІ іх могуць па-рознаму інтэрпрэтаваць, — сказаў ён. — Але калі ў нас на руках заданні, якія ён атрымліваў на працягу некалькіх гадоў ад спецслужбы, калі ў нас даказана, што ён з`яўляецца кадравым супрацоўнікам, якую пасаду займае, у якім званні, на якім кірунку працаваў, якую інфармацыю збіраў, праз каго збіраў, у тым ліку праз некаторых вашых калег ці з іх дапамогай. У нас гэта ўсё даказана. З нагоды Палітыкі ў мяне ёсць пытанні”.

Вакульчык таксама паведаміў, што ў Беларусі ў мінулым месяцы быў затрыманы яшчэ адзін шпіён, а на мінулым тыдні дваіх чалавек КДБ абвясціў персонамі нон-грата. „Не скажу, якой краіны яны грамадзяне, таму што пытанні, якія тычацца шпіёнскай дзейнасці, звязаныя са знешняй палітыкай, і адносінамі паміж дзяржавамі, — сказаў Вакульчык. — І з нагоды Шаройкі калі б не было адпаведнай інфармацыі з Украіны, мы б таксама аб гэтым не сказалі. Таму што такія рэчы, як правіла, у СМІ не даюцца”.

belapan.by

Фота belprauda.org