Старшыня БНФ выступіў з заявай з нагоды ператрусаў у незалежных СМІ



7 жніўня Следчы камітэт правёў ператрусы ў офісах беларускага паратлу TUT.BY і інфармацыйнага агенцтва БелаПан. Падставай стала крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды»). Як паведаміў Следчы камітэт, падставай для следчых дзеянняў стала падазрэнне, што шэраг журналістаў і рэдактараў неправамерна мелі доступ да платных сэрвісаў дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.

З нагоды арыштаў журналістаў і ператрусаў у офісах незалежных СМІ старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з заявай:

– Навіны пра ператрусы ў офісах парталу TUT.BY і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН сведчаць пра новы наступ уладаў на свабоду слова. Як выглядае, перад сілавымі структурамі пастаўленая задача застрашыць журналісцкую супольнасць як такую  –  не толькі саміх незалежных журналістаў, але і рэдакцыі інтэрнэт-парталаў.

На жаль, мы бачым, што словы дзяржаўных службоўцаў пра неабходнасць абароны нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, якія яны казалі пры прыняцці нядаўніх паправак у закон “Аб СМІ” – яны аказаліся толькі словамі, альбо папросту “фэйкам”. Як выглядае, ва ўяўленні дзеючых уладаў дзяржаўная палітыка па развіцці медыясферы – гэта арышты журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях, крымінальныя справы супраць медыяў.

Я засцерагаю ўладу ад падобных дзеянняў, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы беларускай дзяржавы.

Зусім нядаўна мы бачылі, як нашая інфармацыйная прастора робіцца безабароннай перад “фэйкавымі навінамі”, якія запускаюцца з замежжа. Дык замест таго каб развіваць нацыянальныя медыі, развіваць якасныя айчынныя парталы і спрыяць умацаванню нацыянальнай бяспекі, сілавыя структуры наадварот, наносяць новы ўдар па нацыянальным медыярынку.

Асабліва трывожыць, што была пастаўленая пад пагрозу праца буйнога хостынгавага рэсурсу hoster.by – відавочна, рызыкі для грамадства ад такой пагрозы несувымерныя з тымі мізэрнымі падставамі, якія дэкларуюцца як нагода для следчых дзеянняў.

Агучаныя ў якасці падставаў для пераследу абвінавачанні ў парушэнні пры доступе да інфармацыйных рэсурсаў дзяржаўнага агентваі БелТА выглядаюць нікчэмнымі і не павінныя быць падставай для крымінальнага пераследу. Нават калі дапусціць, што такія парушэнні мелі месца (у чым я сумняюся, ведаючы затрыманых журналістаў як выдатных прафесіяналаў) – сродкам для вырашэння гэтай праблемы павінныя быць не дзеянні сілавікоў, а справядлівы разгляд у грамадзянскім судовым працэсе, дзе бакі могуць на роўных даказваць сваю пазіцыю.

Відавочна, што ў гэтай справе дзяржава хоча не абараніць нейкія эканамічныя інтарэсы БелТА, а далей абмежаваць свабоду слова, асабліва ў Інтэрнэце.

Ад імя Партыі БНФ я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых рэдактараў і журналістаў. Крымінальная справа супраць іх павінная быць спыненая, а ўсе прэтэнзіі датычна выкарыстання інфармацыйных прадуктаў БелТА павінныя вырашацца ў рэчышчы грамадзянска-прававых спрэчак.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by