Старшыня Рады БНР: Імперскі дракон зноў прачнуўся
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла са зваротам напярэдадні Дня Волі. Івонка Сурвіла накіравала яго ў цэнтры беларускіх дыяспар і ў СМІ.
„Імперскі цмок, на якога шмат нашых людзей перасталі звяртаць увагу пад уплывам штодзённага прамывання мазгоў маскоўскай і прамаскоўскай прапагандай, зноў разбудзіўся. Незалежнасць Беларусі зноў апынулася пад пагрозай і ў сённяшніх варунках мы не здолеем яе абараніць без дапамогі цывілізаванага свету”.
Велізарную ролю ў такіх варунках, на думку Івонкі Сурвілы, адыгрывае салідарнасць. Напрыканцы звароту старшыня Рады БНР узгадвае словы класіка беларускай літаратуры.
„Караткевіч казаў: „І адзін можа!” дык заклікаю сёння кожнага з вас, мае дарагія суродзічы, – зрабіце сваёй мэтай спрычыніцца да волі зямлі вашых продкаў і да найлепшай долі вашых унукаў і праўнукаў. Каб усе мы маглі разам марыць пра тую Беларусь, пра якую марыў і беларускі народ, калі прыняў Акт 25 сакавіка 1918 году”, – падкрэслівае старшыня Рады БНР.
Беларуская апазіцыя падала заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу ў Менску 25 сакавіка ў Дзень Волі. Урачыстыя святкаванні Дня Волі ўжо традыцыйна адбудуцца ў Беластоку, Варшаве і Вільні.