Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў



Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла запісала зварот з нагоды Калядаў і надыхода Новага году:

„Дарагія мае суродзічы-беларусы,

Напярэдадні свята Боскага Нараджэння і надыходзячага Новага году звяртаюся да вас, мае дарагія сябры, каб сказаць вам, як я моцна ганаруся вамі, і з глыбіні сэрца пажадаць вам добрага, памыснага і здаровага 2021 году.

Дзякуючы вашаму гераізму і вашай годнасьці здабылі вы для Беларусі ў гэтым, 2020, годзе спецыяльнае месца ў сэрцах добразычлівых людзей усяго свету. Удзячная кожнаму з вас, хаця і баліць сэрца дзела пакутаў, якія вам прыйшлося перанесці.

Ваш уздым мне моцна дапамог перажыць асабістую бяду, якая мяне напаткала ў красавіку гэтага году — страту дачкі. За гэта таксама вам моцна ўдзячная.

Адначасна, ніколі не дарую ўзурпатару ўлады ў Беларусі за ягоны здзек над вамі. Не хапіла яму брутальна хапаць вас падчас вашых мірных пратэстаў на вуліцах беларускіх гарадоў.

Каб захаваць уладу, прыдумаў новую форму генацыду свайго народу, перапаўняючы турэмныя камеры людзьмі, якія не мелі ніякай магчымасці абараніцца ад пандэміі каронавірусу. Тады, калі ў іншых краінах людзям забаронена спатыкацца бяз маскі нават са сваімі блізкімі, нашых людзей — нягледзячы на іх узрост, на пол ні на здароўе, — хапаюць, напаўняюць імі аўтазакі і адвозяць у турэмныя камеры, дзе няма магчымасці ані памыць рук, ані ўдыхнуць свежага паветра. Пра маскі няма і мовы. Такім чынам, заражаныя людзі перадаюць каронавірус не заражаным, а гэтыя апошнія разносяць хваробу людзям вакол іх. Цяжка сабе прадставіць нешта горшае і больш цынічнае за гэта — успамінаюцца хіба толькі газавыя камеры ў нацыстоўскіх лагерах! І гэта ў XXI стагоддзі, нягледзячы на масу дагавораў у галіне здароўя і чалавечых правоў, падпісаных Рэспублікай Беларусь.

Дарагія мае суродзічы, гэты здзек вы не перажылі, аднак, дарэмна. Увесь свет бачыць, хто над вамі здзекуецца і ў якіх нялюдскіх умовах вам трэба жыць. А таксама бачыць, як годна вы сябе паводзіце. Прызнанне Пуцінам перамогі Лукашэнкі на выбарах 9 жніўня і абяцанне маскоўскага аўтакрата памагчы Лукашэнку ў выпадку патрэбы не пойдуць на карысць злачынцам. З Божай помаччу, вы пазбудзецеся крывавага ўзурпатара ўлады. Народ „выйшаў шчыльнымі радамі”, бараніць сваю зямлю. Не забудзе ён і не даруе перажытага здзеку.

Вы даказалі, што страхам і сілаю вас ужо не перамагчы. І што вы, пасля доўгай няволі, адчулі сябе годнымі сынамі зямлі, якую перадалі вам вашы дзяды і прадзеды пасля стагоддзяў змагання за яе волю. Веру, што разам мы пераможам усе цяжкасці і што каханы край наш, Беларусь, зойме сваё пачэснае месца ў сям’і вольных народаў свету. Дык памажы Божа!

Жыве Беларусь!