Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў



Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў з заклікам 20 снежня далучыцца да акцый пратэсту супраць так званай „глыбокай інтэграцыі“ Беларусі і Расеі. Зварот размешчаны на сайце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дарагія беларусы, дарагія землякі ва ўсім сьвеце.

Незалежнасьць нашай бацькаўшчыны Беларусі сёньня знаходзіцца ў большай небясьпецы, чым калі-небудзь за апошнія дваццаць год. Непразрыстыя перамовы двух дыктатараў, А. Лукашэнкі і Ў. Пуціна, могуць распачаць працэс сапраўднага паглынаньня Беларусі з боку Расеі.

Цяперашні момант вымагае, каб наш народ, каб беларусы ва ўсім сьвеце ўголас заявілі пра тое, што мы ніколі ня прымем здачу незалежнасьці Беларусі. На працягу стагодзьдзяў тысячы беларусаў пралівалі сваю кроў і ахвяравалі сваімі жыцьцямі за тое, каб Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Мы ня маем права аддаць ворагам тое, што нашыя продкі здабылі такой дарагой цаной.

Ад імя Рады БНР я заклікаю вас 20 сьнежня далучыцца да акцыяў пратэста супраць так званай “глыбокай інтэграцыі” Беларусі і Расеі.

Няважна, у якой краіне сьвету вы жывяце і ці шмат вакол вас іншых беларусаў. Выходзьце з дэманстрацыямі і пікетамі да дзяржаўных установаў, накіроўвайце свае лісты мясцовым урадам і грамадзкім арганізацыям, выказвайце сваю публічную пазыцыю ў любы зручны для вас спосаб.

8 сьнежня дамова між Пуцінам і Лукашэнкам не была падпісаная – магчыма, дзякуючы тысячам беларусаў, якія выйшлі на вуліцы Менску і іншых гарадоў Беларусі й сьвету ў абарону нашай незалежнасьці. Нажаль, дата падпісаньня была толькі перанесеная на 20 сьнежня. Небясьпека незалежнасьці – не паменшала.

Сёньня важна прадэманстраваць усяму сьвету, асабліва рэжымам у Менску і Маскве, нашую еднасьць і рашучасьць.

Будзьма разам!

Івонка Сурвілла

Старшыня Рады БНР