Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла выступіла са зваротам да беларусаў:
– Набліжаецца дзень выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як і ўсе мінулыя выбары за апошнія 25 гадоў, сёлетняя кампанія не з’яўляецца сумленнай і свабоднай. Многія моцныя лідары, якія маглі скласці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку, не дапушчаныя да ўдзелу ў выбарах. На сённяшні дзень яны арыштаваныя. Некаторыя з іх ужо шмат тыдняў гераічна церпяць здзекі ў лукашэнкаўскай турме. Цяперашняя ўлада баіцца сумленнай барацьбы на выбарах. Гэтая ўлада ведае, што ня зможа на іх перамагчы.
Але ў нечым цяперашнія выбары адрозніваюцца ад папярэдніх. Першы раз за доўгія гады беларускі народ па ўсёй краіне тысячамі выходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам, дамагаючыся зменаў.
Абсалютная большасць беларусаў жадае, каб нашая краіна была свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай. Каб яна кіравалася па законе, а не па волі аднаго-адзінага чалавека.
Беларусы больш не жадаюць, каб краінаю кіраваў дыктатар, які, сярод іншага, ганебна праваліў барацьбу з пандэміяй каронавіруса і такім чынам нясе адказнасць за многія смерці.
Аляксандар Лукашэнка ня мае ані законнага, ані маральнага права балатавацца ў прэзідэнты Беларусі.
Дарагія суродзічы! Самае важнае цяпер – гэта наша поўная еднасць у тым, каб рашуча патрабаваць ад улады правядзеньня новых сумленных выбараў і вызвалення ўсіх палітычных вязняў.
Беражыце сябе і не забывайцеся пра пандэмію, якая працягваецца. І будзьце гатовыя да доўгай упартай барацьбы й працы дзеля будаўніцтва новай, свабоднай, заможнай беларускай Беларусі.
Жыве Беларусь!
Фота: скрыншот з відэа