Старшыня ЦВК Ярмошына сабралася на пенсію



Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла БелаПАН, што не плануе заставацца на сваёй пасадзе пасля завяршэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага складу ЦВК 20 снежня 2021 года.

«Павінна быць прызначаная новая камісія. І я думаю, што яна будзе прызначаная да прызначэння мясцовых выбараў. Я не планую заставацца на сваёй пасадзе», — сказала яна.

Паводле Ярмошынай, у яе кантракт да 20 снежня.  Пры гэтым старшыня ЦВК патлумачыла, што «не мае намеру працягваць сваю працу», але «ёсць моманты, калі, магчыма, мяне папросяць на нейкі пераходны перыяд, можа, на перыяд правядзення рэферэндуму часова папрацаваць. І, натуральна, я не змагу сказаць „не“».

Сёння Лідзія Ярмошына паведаміла, што правядзенне рэферэндуму па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Беларусі плануецца ўзімку 2022 года. 12 лютага Аляксандр Лукашэнка казаў, што рэферэндум па Канстытуцыі могуць сумясціць з правядзеннем мясцовых выбараў.

Лідзія Ярмошына займае пасаду старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з 1996 года.

Беларускае Радыё Рацыя