Старшыню АГП Мікалая Казлова вызвалілі з ЦІП на Акрэсціна (абноўлена)



Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова вызвалі пасля 3 сутак арышту з ізалятара часовага ўтрымання. Хаця раней суд адмяніў рашэнне аб арышце на 15 сутак, тым не менш, яго працягвалі трымаць пад вартай. Па словах Мікалая Казлова, – гэта незаконна. Таксама кіраўнік АГП параўнаў умовы ўтрымання ў ізалятары з катаваннем.

– Адносіны да палітычных у ізалятары адрозніваюцца ад усіх іншых. Татальна парушаюцца правы. Ніякіх матрацаў, ніякіх прагулак. Нічога з гэтага. Трое сутак, як і ўсе мае сакамернікі, правялі на голых дошках. Ніякіх прагулак. Я казаў ужо, што гэта можна разглядаць як катаванне.

Мікалай Казлоў сказаў, што ўжо 2 сакавіка суд адмяніў яго арышт на 15 сутак. Аднак утрыманне пад вартай працягвалася, пакуль не скончыліся 3 сутак. Таму Мікалай Казлоў у бліжэйшы час намераны абскардзіць гэтыя незаконныя, па яго словах,  дзеянні.

Беларускае Радыё Рацыя

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), член Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Мікалай Казлоў вызвалены 4 сакавіка з менскага ЦІП на Акрэсціна.

Як паведаміла БелаПАН намеснік кіраўніка АГП Антаніна Кавалёва, Казлова адпусцілі праз 72 гадзіны пасля затрымання 1 сакавіка.

„Мы меркавалі, што яго адправілі адбываць 15 сутак, аднак пазаўчора ўчастковы сказаў, што Мікалай затрыманы да суда па іншым пратаколе. Усяго на яго складзена тры пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў”, — сказала яна.

Як паведамлялася, у Следчым камітэце падчас допытаў 30 снежня, 5 і 11 студзеня ў якасці сведкі ў межах крымінальнай справы па факце стварэння КР Казлоў адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. На трэцім допыце ў дачыненні да Казлова — былога супрацоўніка міліцыі — быў складзены пратакол паводле арт. 23.4 КоАП. 18 лютага суд Партызанскага раёна Менска паводле вынікаў яго разгляду вынес рашэнне аб арышце Казлова на 15 сутак і адпусціў яго з залы суда. Абарона Казлова падала скаргу на рашэнне суда, і 2 сакавіка яно было адмененае — справу перадалі для разгляду іншаму суддзі.

Другі пратакол, паводле інфармацыі намесніка кіраўніка АГП, суд вярнуў у міліцыю на дапрацоўку. 26 лютага павінен быў адбыцца суд, але яго перанеслі на нявызначаны тэрмін.

Па факце трэцяй адмовы ад падпіскі аб неразгалошвані Казлоў павінен быў з’явіўся для давання тлумачэнняў ва УУС Партызанскага раёна Менска 1 сакавіка. Адтуль яго адправілі ў ЦІП.

БелаПАН