Старшыню БСДП (Грамада) Ігара Барысава сёння будуць судзіць
Разгляд справы старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава пройдзе 22 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна Менска.
Як паведаміў БелаПАН яго намеснік Аляксей Сігаеў, працэс пачнецца ў 14.15, суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Паводле слоў Сігаева, дагэтуль невядома, за што затрыманы Барысаў, адвакат паехаў знаёміцца з матэрыяламі справы, але, хутчэй за ўсё, з ім да пачатку суда звязацца не атрымаецца. „Чакаць ад суда можна чаго заўгодна. У цэлым незразумела, дзеля чаго ўладам было чапаць Барысава. Ён не выступае за несанкцыянаваныя акцыі і не з`яўляецца заяўнікам акцыі на Дзень Волі. Нешта новае, дзіўнае і незразумелае”, — адзначыў намеснік старшыні БСДП (Грамада).
Ігар Барысаў быў затрыманы 21 сакавіка, калі ехаў са сваёй сям`ёй у краму. Людзі ў цывільным у чорных масках затрымлівалі яго на вачах у жонкі і чатырохгадовага дзіцяці. Барысава даставілі ў Партызанскае РУУС, а затым — у ЦІП у 1-м завулку Акрэсціна.
9 сакавіка БСДП (Грамада) разам з ГА „БНФ „Адраджэнне” і рухам „За Свабоду” падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства з нагоды Дня Волі — чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.